BE RU EN

МАЗ спыняе працу да 12 студзеня

  • 6.12.2014, 8:48

Працоўных пазбавілі 13 зарплаты і адправілі ў прымусовы адпачынак.

Паводле вынікаў першага паўгоддзя МАЗ увайшоў у топ-5 самых стратных прадпрыемстваў Беларусі. «Салiдарнасць» высветліла, як ідуць справы на аўтагіганце цяпер.

З жніўня на МАЗе перайшлі на «чатырохдзёнку», але ад гэтага колькасць машын у «зялёнай зоне» за плотам не паменшылася. На вуліцы Машынабудаўнікоў застаўлены практычна ўсе вольныя месцы на яшчэ адной агароджанай пляцоўцы, якая раней была проста лужком.

Расейскі тупік?

Прычына на паверхні: расейскі рынак грузавых аўтамабіляў абрынуўся яшчэ да піку рубля, зменшыўся ў студзені-кастрычніку на 18,7%. Прычым скарачэнне продажаў восенню было больш сур'ёзным. Пры гэтым у Менску выпуск прадукцыі не спыняюць.

Падае на расейскім рынку і доля МАЗа: з 11,3% у першым квартале да 10,1% паводле вынікаў 9 месяцаў. Прычын некалькі: рост коштаў на нафтапрадукты ў Расеі пры зніжэнні сусветных коштаў на нафту прывёў да таго, што пакупнікі сталі звяртаць увагу на тэхніку з газавымі і камбінаванымі рухавікамі і пагоршылася фінансаванне дзяржзакупак. Гэтымі праблемамі і абумоўлена скарачэнне заробкаў на прадпрыемстве.

Вось што распавёў Сяргей, які працуе на МАЗе пяты год:

- Месяцы тры таму перайшлі на чатырохдзёнку, але не ўсе цэхі. Тая частка, што выпускае аўтобусы, працай загружаная. Таму і заробак ва ўсіх розны - ёсць і 8 мільёнаў. Але большасць атрымліваюць па 4-5, а інжынерна-тэхнічны персанал зусім па 3-4. Зрэзалі ўсе даплаты: забралі 13-ы заробак, пры Аляксандры Бароўскім былі і іншыя выплаты - на гародніну, да святаў. Цяпер адабралі і гэта. Завод будзе стаяць: з 25-га сыходзім у адпачынак аж да 12 студзеня.

Менская іржа

Вось што распавядае Міхаіл Іосіфавіч, які звольніўся з заводу ў 2012 годзе,у якога некалькі сяброў працуюць на прадпрыемстве:

- Знаёмы працуе ў тэрма-гальванічным цэху, дык у іх заробак не змяніўся: поўны тыдзень. Яны робяць дэталі для машына-камплектаў, якія збіраюцца ў Казахстане, Туркменістане, Венесуэле... У іх заробак 5-6 мільёнаў, а ў іншых цэхах па 3-4. Гэта не жыццё, а выжыванне...

Тым часам гатовых машын гаць гаці: МАЗы чакаюць сваіх пакупнікоў і пачынаюць ржавець не на палубах цеплаходаў, як бывала раней, а ўжо на тэрыторыі завода. Журналістам атрымалася сфатаграфаваць, як гэта выглядае цяперашняй зімой.

Апошнія навіны