Над Харкаўскім гарсаветам паднялі сцяг Расеі (Відэа)
- 26.02.2014, 17:59
Сцяг быў вывешаны падчас мітынгу прыхільнікамі саюзу з Расеяй.
Акцыю, якая прайшла каля будынка гарадскога савета абласнога цэнтра, арганізаваў рух «Працоўная Харкаўшчына». На месца яе правядзення былі сцягнутыя сілы правапарадку, якіх сустракалі апладысментамі. Гучалі словы ў падтрымку спецпадраздзялення «Беркут».
Мітынгоўцы таксама выкрыквалі лозунгі «Расея-Севастопаль-Харкаў», «не аддамо Харкаў, адстаім свой горад».
Нагадаем, мітынгі сепаратыстаў і прыхільнікаў адзінства Украіны сёння праходзяць і ў Сімферопалі. Крымскія татары ў сераду з раніцы занялі падыходы да Вярхоўнай Рады Крыма, патрабуючы захаваць рэспубліку ў складзе Украіны. Таксама побач з будынкам крымскага парламента праходзіць акцыя рускіх нацыяналістаў. Яны патрабуюць далучэння паўвострава да Расеі. Паміж двума мітынгамі адбываюцца бойкі, пацярпелі некалькі чалавек, міліцыя спрабуе спыніць сутычкі і падзяліць мітынгоўцаў.
Старшыня Вярхоўнага Савета АРК Уладзімір Канстанцінаў запэўніў, што ў крымскім парламенце не ставяць пытанне аб выхадзе Крыму са складу Украіны.