Расейскі спецназ захапіў украінскае дзяржпрадпрыемства ў Крыме
- 28.02.2014, 13:12
Узброеныя вайскоўцы заблакавалі працу дзяржаўнага прадпрыемства «Крымаерорух».
Яно забяспечвае авіяцыйную навігацыю над тэрыторыяй паўвострава Крым. Пра гэта паведамляе ўкраінская служба «Радыё Свабода».
З ваенных крыніц стала вядома, што аэрапорт блакуюць не вайскоўцы Чарнаморскага флоту, а байцы спецпадраздзяленняў Галоўнага выведвальнага ўпраўлення Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі, якія прыбылі ў Крым з тэрыторыі Расеі. Іх самалёт прызямліўся на ваенным аэрадроме Чарнаморскага флота ў пасёлку Гвардзейскае.
На ўваходзе ў адміністрацыйныя памяшканні аэрапорта Сімферопаля размясціліся 10-15 расейскіх вайскоўцаў у масках і касках з аўтаматычнай зброяй.
Таксама вайскоўцы ёсць на стаянцы каля старога тэрмінала. Там жа размясціліся прадстаўнікі «самаабароны» з георгіеўскімі стужкамі. Вайскоўцы на кантакт не ідуць, яны ўсталявалі жалезныя бар'еры і рэкамендуюць за іх не заходзіць.
Нагадаем, каля паўночы 27 лютага прыкладна паўтара дзесятка ваенных грузавікоў з невядомымі ўзброенымі байцамі заблакавалі аэрапорт Бельбек каля Севастопаля.
Невядомыя ўзброеныя людзі працягваюць патруляваць тэрыторыю каля аэрапорта «Сімферопаль». Разам з імі патрулююць і людзі ў камуфляжы, якія прыбылі з Севастопаля і называюць сябе дружыннікамі.
Міністр унутраных спраў Арсэн Авакаў назваў захопы аэрапортаў расейскімі вайскоўцамі «ўзброеным уварваннем і акупацыяй» і адзначыў, што падзеі, якія адбываюцца - ужо не кампетэнцыя МУС.
У прэс-службе Чарнаморскага флоту абверглі інфармацыю аб удзеле расейскіх вайскоўцаў у блакаванні аэрадрома Бельбек, які знаходзіцца побач з Севастопалем.
Дарогі на ўезд каля Джанкоя і Армянска перакрытыя блокпастамі і ахоўваюцца ўзброенымі людзьмі ў камуфляжы. Тут таксама знаходзяцца некалькі дзесяткаў байцоў «Беркута» з аўтаматамі і іншых міліцэйскіх спецпадраздзяленняў, у тым ліку і з Севастопаля.