«Космас ТБ» спыніў трансляцыю тэлеканала RTVi
- 1.03.2014, 16:23
1 сакавіка кампанія «Космас ТБ» спыніла рэтрансляцыю некаторых замежных тэлеканалаў на тэрыторыі Беларусі. Адным з іх апынуўся RTVi.
Змяненні звязаны са спыненнем дзеяння дазволаў на распаўсюджванне замежных СМІ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выдадзеных да 1 студзеня 2014 года ў дачыненні да замежных тэлепраграм.
Як паведаміў кабельны аператар, гэтыя праблемы звязаныя з указам прэзідэнта №456 ад 7 кастрычніка 2013 года і пастановай Савета міністраў ад 26 снежня 2013 года №1139 1 сакавіка. Тэрмін дзеяння старых дазволаў скончыўся, а ў парадак атрымання новых ўводзіцца шэраг змяненняў, піша БелаПАН.
У цяперашні час сетка «Космас ТБ» ахоплівае больш за 450 тысяч сталічных кватэр. Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Космас ТВ» было створана ў 1993 годзе. Яго ўдзельнікамі выступаюць Рэспубліка Беларусь у асобе Дзяржкаммаёмасці і кампанія International Telcell (CIS) Inc. (Вялікабрытанія).
Міжнародны расейскамоўны тэлеканал RTVi працуе з 2002 года і ажыццяўляе вяшчанне ў шэрагу дзяржаў СНД, краінах Балтыі, Нямеччыне, Ізраілі, Вялікабрытаніі, Гішпаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і іншых. Агульная аўдыторыя тэлеканала RTVi складае блізу 25 млн чалавек. У цяперашні час вяшчанне вядзецца з тэлестудыі радыёстанцыі «Рэха Масквы», якая была адкрыта ў красавіку 2007 года. Таксама мае студыі ў Нью-Ёрку і Тэль-Авіве, пастаянныя бюро ў Вашынгтоне, Берліне і Кіеве. У сакавіку 2012 года тэлеканал быў набыты прадпрымальнікам з Расеі Русланам Сакаловым. З траўня 2013 года з эфіру зніклі ўсе праграмы, што ствараюцца сумесна з «Рэхам Масквы», акрамя праграмы «Асаблівае меркаванне».