Дзярждума РФ разгледзіць закон аб акупацыі Крыма
- 6.03.2014, 14:53
(абноўлена - 15:50) Законапраект аб захопе паўвострава разгледзяць адразу пасля «рэферэндуму».
Пра гэта ў чацвер, 6 сакавіка, паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на кіраўніка думскага камітэта па справах СНД Леаніда Слуцкага .
Паводле яго слоў, пры наяўнасці гэтых дзвюх умоў ніжняя палата парламента гатовая разгледзець любыя законапраекты на гэтую тэму. Пры гэтым Слуцкі падкрэсліў, што ўсе думскія фракцыі выступаюць за захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, але прызнаюць права жыхароў Крыма падымаць на «рэферэндуме» хвалюючыя іх пытанні. Дэпутат дадаў, што канчаткова сваю пазіцыю Дзярждума акрэсліць пасля падвядзення вынікаў «плебісцыту», прызначанага сепаратыстамі на 16 сакавіка.
Раней лідар «Справядлівай Расеі» Сяргей Міронаў заявіў, што Дзярждума можа разгледзець пытанне аб далучэнні Крыма ўжо на наступным тыдні, перадае ІТАР-ТАСС .
Міронаў нагадаў, што яшчэ 28 лютага ўнёс законапраект аб спрошчаным парадку прыняцця ў склад Расеі частак іншых дзяржаў. «Законапраект напісаў для Крыма, кажу адкрытым тэкстам», - падкрэсліў дэпутат. Ён таксама выказаў упэўненасць, што >«нашыя браты ў Крыме хочуць аднавіць гістарычную справядлівасць і выпраўляюць памылку, якую ў свой час дапусціла савецкае кіраўніцтва ў асобе Хрушчова, калі Крым быў аддадзены Украіне».
Раней 6 сакавіка сепаратысцкі парламент Крыма аднагалосна прагаласаваў за ўступленне ў склад Расеі і звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з адпаведнай просьбай пра ўключэнне паўвострава ў РФ. Як заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, прэзідэнту РФ ужо даложана аб гэтым.
Крымскія дэпутаты таксама прынялі рашэнне аб правядзенні 16 сакавіка рэферэндуму аб далейшым статусе паўвострава. У бюлетэнь будуць уключаныя два пытанні: «Вы за ўваходжанне АРК у якасці суб'екта ў склад РФ?» і «Вы за аднаўленне Канстытуцыі Крыма 1992 года і захаванне Крыма як складовай часткі Украіны?».
Згодна з законам Украіны, мясцовыя рэферэндумы, таксама, як і выхад той ці іншай часткі дзяржавы з яго складу, незаконныя.