ПАРЕ рыхтуецца пазбавіць Расею голасу да 2015 года
- 10.04.2014, 9:59
Пытанне аб пакаранні РФ разгледзяць сёння.
Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы, асудзіўшы Расею за далучэнне Крыма, мае намер пазбавіць расейскую дэлегацыю права голасу. Разгляд дысцыплінарных санкцый адбудзецца ў ПАРЕ днём 10 красавіка.
Праект рэзалюцыі, па якім будзе галасаваць ПАРЕ, быў складзены на днях у маніторынгавым камітэце асамблеі. Самі аўтары, як паведамляе Deutsche Welle, складзены дакумент называюць збалансаваным, паколькі ён уводзіць санкцыі ў дачыненні да РФ (пазбаўленне права голасу да канца 2014 года), хоць канчаткова дыялогу з Масквой не спыняе.
Аўтары рэзалюцыі адкрыта кажуць, што дыялог з Расеяй трэба захаваць, каб заклікаць яе паважаць "прынцыпы дэмакратыі і правы чалавека". Калі рэзка прыпыніць зносіны з РФ, як мяркуюць у маніторынгавым камітэце, Еўропа можа вярнуцца да часоў халоднай вайны.
Мяркуецца, што калі Расею ўсё ж цалкам выключыць са складу ПАРЕ, то для яе знікне адзіная платформа для дыялогу, паколькі Еўразвяз і НАТА выступаюць на адным з бакоў канфлікту, які ўзнік з-за крызісу на Украіне. Пазбаўленне права голасу, паводле задумы аўтараў рэзалюцыі, стане для Масквы своеасаблівай "жоўтай карткай", як за парушэнне ў футболе, пасля якой можа рушыць услед і дыскваліфікацыя.
Пасяджэнне па разглядзе праекта рэзалюцыі супраць РФ, як паведамляецца на афіцыйным сайце ПАРЕ, адбудзецца ў 12:00 па маскоўскім часе. Існуе верагоднасць таго, што падчас абмеркавання рэзалюцыі ўсё ж усплыве тэма выключэння Расеі са складу ПАРЕ. Адпаведную пісьмовую папраўку рыхтуецца ўнесці ў тэкст рэзалюцыі брытанскі прадстаўнік Роберт Уолтар. Аднак будзе яна ўнесеная ці не, да канца пакуль незразумела.
Таксама пакуль невядома, ці пакіне сесію ПАРЕ расейская дэлегацыя. Яна мела намер гэта зрабіць у тым выпадку, калі б асамблея галасавала па "жорсткаму варыянту" рэзалюцыі, які прадугледжвае выключэнне РФ. Пасля таго як стала вядома, што будзе разглядацца "мяккі варыянт" рэзалюцыі, пазіцыя расейскага боку стала мякчэй. Аднак, як растлумачыў кіраўнік дэлегацыі РФ Аляксандр Пушкоў, канчатковае рашэнне будзе прынята непасрэдна перад галасаваннем.
Разважаючы над тым, якім будзе вынік галасавання, журналісты адзначылі, што сімпатыі генеральнага сакратара Рады Еўропы Турб'ерна Ягланда знаходзяцца на баку Расеі. Справа ў тым, што летам 2014 года адбудзецца перавыбранне кіраўніка РЕ, а расейская дэлегацыя паабяцала Ягланду безумоўную падтрымку. Каб займець галасы расейскай дэлегацыі летам, як мяркуюць журналісты, Ягланд паспрабуе змякчыць нападкі на Расею ў цяперашніх абставінах.