Ігар Аліневіч: Хлуслівая рыторыка Расеі выклікае толькі агіду
- 24.04.2014, 10:02
А энтузіязм украінцаў захапляе.
Пра гэта напісаў у сваім лісце палітвязень Ігар Аліневіч. Урывак з яго ў рэдакцыю сайта charter97.org даслала яго маці Валянціна Аліневіч.
«Я ўжо даўно лавіў сябе на думцы, што каляўкраінскія падзеі да болю нагадваюць сцэны з«Сям'і Цібо», гэта значыць нагнятанне Першай сусветнай вайны. З 2010 года ўсе больш і горш ламаюцца звыклыя светапоглядныя і псіхалагічныя шаблоны апошніх двух дзесяцігоддзяў. Мы прывыклі лічыць, што многія грубыя і жорсткія рэчы засталіся ў гісторыі, і раз за разам заплюшчвалі вочы на абуральныя выпадкі», - піша ён.
Палітвязень падкрэслівае, што «для грамадскасці стала характэрная сталая аглядка на «старэйшага справядлівага брата-абаронцу».
«Але аказваецца, свет жыў ілюзіяй міру і ілюзіяй права. Час адказваць за падвойныя стандарты. Энтузіязм украінцаў захапляе, а хлуслівая рыторыка імперыі аб «супрацьстаянні руска- і ўкраінскамоўнага насельніцтва» толькі выклікае агіду. Але, у тумане ваенных манеўраў вобразы «Patria» гучаць мацней «Liberte». Што сёння здаецца дзікунствам і фальшам, заўтра можа стаць логікай разваг. У 1914 годзе інтэрнацыяналісты ўсіх краін з большага перафарбаваліся ў імперцаў-шавіністаў. А ці разумнейшыя сёння людзі?», - дадае палітвязень.
Нагадаем, 27 траўня 2011 года суддзя Заводскага раёна Менска Жанна Хвойніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі №10, якая «славіцца» сваімі дрэннымі ўмовамі. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця ля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, а таксама падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка».