Улады зальюць сяло бясплатнымі грашыма
- 14.05.2014, 7:34
Беларускія ўлады гатовыя прыняць рашэнне, якое акажа непрадказальны ціск на валютны рынак.
На фоне 6,6% інфляцыі за першыя 4 месяцы (каля 20% за год) урад настойвае на кардынальным зніжэнні адсоткавых ставак па крэдытах для вёскі да неймаверных пры цяперашним рынкавым кошце рэсурсаў узроўню, піша АФН.
"Калі мы гаворым пра ўдзел дзяржавы ў аздараўленні эканомікі вёскі, адным з пытанняў з'яўляецца крэдытная палітыка для аграрнага сектара. Для аб'ектаў, якія ўключаныя ў дзяржпраграмы, стаўка па крэдытах павінна цалкам кампенсавацца (за кошт бюджэту)... Што ж тычыцца бягучай дзейнасці, то тут крэдыты таксама павінны быць па мінімальных стаўках. Мы прапануем іх у межах 2-5% гадавых", - заявіў учора прэм'ер Міхаіл Мясніковіч, якога цытуюць афіцыйныя крыніцы.
Варта разумець, што гэтая заява - не проста прапрацоўка пытання ў мэтах вывучэння рэакцыі розных груп (насельніцтва, экспертаў, дырэктара і г.д.), а фактычна паведамленне пра факт, які амаль адбыўся.
"Калі гэтая норма будзе прынятая - адпаведны праект указа падрыхтаваны, практычна завершаныя ўсе працэдуры па яго ўзгадненні, - то мы мяркуем, што гэта дазволіць істотным чынам палепшыць эканоміку вёскі, бо тэхналагічны цыкл у сельгасвытворчасці ўсё ж вельмі працяглы і неабходна пазычаць сродкі, браць крэдыты, каб працаваць ад ураджаю да ўраджаю", - сказаў прэм'ер.
Застаецца нагадаць, дзе Мясніковіч можа ўзяць такія танныя рэсурсы па стаўцы 0-5% - у памяшканні, дзе знаходзіцца друкарскі станок Нацбанка РБ. І мяркуючы па ўсім, Нацбанк ужо больш не пярэчыць.
Акрамя друкарскага станка можа вельмі хутка з'явіцца і іншая праблема - адсутнасць сэнсу вырошчваць сельгаспрадукцыю. Пры цяперашніх стаўках па дэпазітах, каля 40% гадавых, можна атрымаць крэдыт нават пад 5% гадавых, размясціць гэтыя грошы на дэпазіце ў банку і няблага жыць аж да наступнага лета.