Леанід Кулакоў: Па сценах камеры ручаямі цякла вада
- 17.05.2014, 18:11
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» выйшаў на волю пасля десяцідзённага арышту.
У інтэрв'ю сайту charter97.org Леанід Кулакоў распавёў пра тое, як адбывалася яго затрыманне.
«Мяне затрымалі дома. Гэта адбылося прыкладна ў 16:00 7 траўня. Званок у дзверы. Адкрываю: стаяць двое. Удар у грудзі, залятаюць у кватэру. Сказалі, што іх выклікалі з-за нейкага скандалу, які нібыта адбыўся ў гадзіну дня, калі я быў на працы. Сілком завялі ў апорны пункт, склалі пратакол аб тым, што я лаяўся нецэнзурнай лаянкай, забралі рэчы, парвалі вопратку», - распавёў ён.
Суткі Леанід Кулакоў правёў у РУУС Першамайскага раёна ў «бетонным мяшку» амаль без адзення. На наступны дзень актывіста даставілі ў суд, які прыгаварыў яго да 10 дзён арышту. Леанід Кулакоў распавёў таксама пра ўмовы, у якіх адбываў пакаранне.
«У камеры працаваў толькі адзін кран - з гарачай вадой, халоднай вады не было. Шлангі ў умывальніку парваныя. У той жа час з-за няспраўнасці водаправода вада ручаямі цякла са столі па сценах. Ёй была залітая ўся падлога. У гэтай камеры я прабыў некалькі дзён, потым перавялі ў больш-менш нармальную», - распавёў ён.
У Беларусі за кратамі знаходзяцца восем арыштаваных на працяглыя тэрміны палітвязняў, у тым ліку былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Акрамя таго, на працягу апошніх двух тыдняў супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя каля 30 актывістаў апазіцыі. Праваабаронцы звязваюць арышты з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.
Tacciana