BE RU EN

Мікалай Дзядок: Не губляйце аптымізму, як бы цёмна не было вакол

  • 17.05.2014, 21:39

Палітвязень магілёўскай турмы падзякаваў за падтрымку тых, хто піша яму.

Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

У прыватнасці, Мікалай Дзядок падзякаваў былому палітвязню Мікалаю Аўтуховічу за ліст падтрымкі, які той адправіў яму ў дзень свайго вызвалення. Толькі цяпер стала вядома, што словы салідарнасці ваўкавыскага прадпрымальніка дайшлі да адрасата. Пра гэта распавяла грамадская актывістка, рэжысёрка Вольга Мікалайчык, якая лістуецца з многімі палітвязнямі, у тым ліку з Мікалаем Дзядком.

«Мы тады за сталом у Мікалая Аўтуховіча падпісалі велікодныя паштоўкі палітвязням. Дзядок вельмі за іх удзячны і піша так: «Увогуле я думаю, што трэба памятаць такую рэч: як бы мне не было цяжка, камусьці ў гэты час, у гэтую хвіліну значна цяжэй. Таму стараюся не раскісаць і не шкадаваць сябе. Вам жа зычу таксама трымацца, не губляць аптымізму, як бы цёмна і беспрасветна часам не было вакол. Калі-небудзь дабро пераможа, і мы зробім для гэтага ўсё магчымае. Яшчэ раз дзякуй вам за падтрымку», - распавяла яна.

Нагадаем, Мікалай Дзядок, а таксама Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Максім Веткін, якія праходзілі з ім у адной справе былі асуджаныя судом Заводскага раёна Менска 27 траўня 2011 года. Яны былі прызнаныя вінаватымі ў злачынствах, прадугледжаных ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоснае хуліганства) і ч.2 і 3арт.218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Ім інкрымінаваўся шэраг нападаў на будынкі і падпалы, у прыватнасці правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі ля будынка Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынка турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе.

Праваабаронцы называюць прысуд асуджаным у гэтай справе палітычна матываваным і ўважаюць Мікалая Дзядка за палітычнага зняволенага..

Апошнія навіны