Юрый Рубцоў шпіталізаваны пасля 30 сутак галадоўкі
- 27.05.2014, 12:02
Актывіст шпіталізаваны з-за дрэннага самаадчування.
Грамадскі актывіст Юрый Рубцоў, які вызваліўся з гомельскага ізалятара часовага ўтрымання, шпіталізаваны пасля 30 сутак зняволення і галадоўкі, піша БелаПАН.
Калі Рубцова адпусцілі з РАУС, сваякі адвезлі яго ў лякарню ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем.
Нагадаем, Рубцоў быў затрыманы міліцыяй у Менску 26 красавіка пасля традыцыйнай акцыі апазіцыі «Чарнобыльскі шлях». На мітынгу ён быў апрануты ў футболку з надпісамі «Лукашэнка, сыходзь!» і «Арыштуйце мяне! Падстава? Я супраць Лукашэнкі».
28 красавіка суд Савецкага раёна Менска прызнаў яго вінаватым у «непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы», «дробным хуліганстве» і пакараў 25- сутачным арыштам. Футболку ў актывіста канфіскавалі. У знак пратэсту супраць прысуду Рубцоў абвясціў галадоўку.
Увечары 21 траўня, пасля заканчэння тэрміну арышту, Рубцова з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў адвезлі на чыгуначны вакзал Менска і пасадзілі на цягнік да Гомеля, аднак па прыездзе туды ён зноў быў затрыманы. 22 траўня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прысудзіў яго да пяці сутак арышту нібыта на непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. Рубцоў зноў абвясціў галадоўку.
Такім чынам, галадоўка гомельскага актывіста доўжылася 30 сутак.
Фота: «Белсат»