Праваабаронцы просяць ААН абараніць Максіма Вінярскага
- 4.05.2014, 10:17
Ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў» падала тэрміновае паведамленне ў працоўную групу паводле адвольных затрыманняў ААН.
У ім праваабаронцы просяць тэрмінова заклікаць беларускія ўлады спыніць адвольныя затрыманні Максіма Вінярскага за выказванне свайго меркавання і мірныя сходы, а таксама выконваць яго права на асабістую недатыкальнасць і справядлівы суд.
Усе затрыманні актывіста непасрэдна звязаны з ажыццяўленнем правоў, якія гарантаваныя арт. 19 (права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў) і арт. 21 (права на мірныя сходы) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Максім Вінярскі і праваабаронцы лічаць затрыманні адвольнымі, а некаторыя з іх звязаныя з імкненнем уладаў не дапусціць удзелу актывіста ў мірных акцыях. Наступныя магчымыя арышты актывіст просіць расцэньваць як прэвентыўную ізаляцыю праз свае грамадска-палітычныя перакананні.
«Важна адзначыць той факт, што сведкамі ва ўсіх судах над Максімам выступалі толькі супрацоўнікі міліцыі, а суддзі нават не правяралі іх паказанняў, не запатрабавалі іншыя доказы і не выклікалі іншых сведак, у тым ліку сведак абароны, чым дапускалі відавочнае самавольства ў парушэнне артыкула 14 пакта. Такім чынам, пастановы судоў не могуць разглядацца як справядлівыя, а ўтрыманне Максіма Вінярскага ў ЦІП ГУУС Менгарвыканкама мы разглядаем як адвольнае затрыманне», - пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Павел Левінаў.
Нагадаем, Максім Вінярскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 22 красавіка ў Менску на выхадзе з гандлёвага цэнтра «Карона». Актывісту заявілі, што ён «падобны на чалавека, які знаходзіцца ў вышуку», аднак ужо ў аддзяленні міліцыі яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам праваахоўных органаў і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. У той жа дзень суддзя Фрунзенскага суда Менска Людміла Лапо прызнала Вінярскага вінаватым і прысудзіла да 12 сутак арышту.
Падчас суда Вінярскаму, у якога на той момант была вострая ангіна, стала дрэнна. Медыкі хуткай дапамогі, якія прыбылі, канстатавалі, што ён мае патрэбу ў шпіталізацыі, аднак міліцыянты заявілі, што адвязуць яго ў ЦІП. У адказ Вінярскі абвясціў сухую галадоўку, якую трымае да гэтага часу.
Актывіст звязвае сваё затрыманне з імкненнем уладаў не дапусціць яго ўдзелу ў «Чарнобыльскім шляху», традыцыйнай акцыі апазіцыі. Існуе рэальная пагроза таго, што ўлады не абмяжуюцца гэтым пакараннем і, як ужо бывала, знойдуць спосаб падоўжыць яго знаходжанне ў турме, каб не дапусціць яго знаходжання ў Менску падчас Чэмпіянату свету па хакеі. Менавіта таму ён аб'явіў сухую галадоўку.
За апошні час Максім Вінярскі правёў у турме больш за 300 сутак, што сур'ёзна паўплывала на стан яго здароўя. Падчас апошняга затрымання супрацоўнікі міліцыі патрабавалі ад яго пакінуць Менск на час правядзення Чэмпіянату свету па хакеі.
Да гэтага часу застаецца невядомым, ці выпусцяць яго на волю сёння, пасля чарговага адбыцця тэрміна ў ЦІП ГУУС Менгарвыканкама і ці не рушыць услед пасля адбыцця гэтага арышту новае затрыманне актывіста ў сувязі з будучым Чэмпіянатам свету па хакеі 9-25 траўня 2014 года.