BE RU EN

З карт-рахункаў беларусаў пры дапамозе скімераў знялі мільярд

  • 10.06.2014, 15:58

Адзін з членаў злачыннай групы асуджаны ў Віцебску.

Да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці прысудзіў 10 чэрвеня суд 25-гадовага грамадзяніна Малдовы, які ўваходзіў у злачынную групу, выкрадаў грошы з пластыкавых картак беларусаў. Яшчэ двое яго паплечнікаў затрыманыя ў Пскове, з імі працуюць расейскія праваахоўныя органы. Як мяркуецца, яшчэ некалькі чалавек хаваюцца ад правасуддзя, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Злачынная група скрала больш за мільярд рублёў, колькасць пацярпелых перавышае 450 чалавек, - распавёў пракурор аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Ігар Макарэвіч. - Частцы пацярпелых выкрадзенае пакрылі банкі, тым жа, хто быў кліентамі банкаў, у якіх не прадугледжанае пакрыццё сродкаў у падобных сітуацыях, матэрыяльны ўрон павінен будзе па прысудзе суда пакрыць асуджаны.

След злачыннай групы, у якую ўваходзілі сваякі і сябры асуджанага, у Беларусі ўпершыню быў заўважаны ў Оршы. Тыдзень злачынцы жылі ў гасцініцы, збіраючы пры дапамозе скімера (накладкі на карткапрыёмнік у банкамаце) і мініяцюрнай відэакамеры інфармацыю пры пін-коды карыстальнікаў пластыкавых картак. Скімер счытвае тое, што запісана на магнітнай паласе карткі, а відэакамера, накіраваная на клавіятуру банкамата, фіксавала, як кліент набіраў пін-код. Затым злачынцы наносілі на пластыкавыя нарыхтоўкі магнітныя паласы і рабілі дублікаты картак.

- Яны здымалі з картак практычна ўсё, што там было, не грэбавалі нават сумамі ў 50 тысяч беларускіх рублёў, - распавёў Ігар Макарэвіч.

З Оршы група перабралася ў Менск, дзе таксама нейкі час палявалі за інфармацыяй. Дублікаты пластыкавых картак яны выкарыстоўвалі ў банкаматах Гомеля і Менска.

Грамадзянін Малдовы прызнаны вінаватым у замаху на крадзеж шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі ў асабліва буйным памеры, неправамерным завалоданні кампутарнай інфармацыяй і крадзяжы шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі. Пакаранне прызначана яму па сукупнасці гэтых артыкулаў.

Апошнія навіны