«Зубр» з батальёна «Данбас»: Дапамагаючы Украіне, я дапамагаю і беларусам
- 13.06.2014, 8:04
Беларускі баец батальёна «Данбас» распавёў, чаму змагаецца супраць расейскіх акупантаў.
На трэніровачнай базе пад Кіевам навабранцы сфармавалі новыя баявыя падраздзяленні. Кіраўніцтва батальёна «Данбас» звярнулася да камандавання Нацыянальнай гвардыі і міністра ўнутраных спраў Украіны з просьбай датэрмінова адправіць падмацаванне ў Данецкую вобласць. А ў сувязі з тым, што ў рэзерве ёсць больш за 1500 добраахвотнікаў, камандзір папрасіў сфармаваць новы батальён - «Данбас-2», паведамляе тэлеканал «Белсат».
Сярод байцоў ёсць і беларусы. Адзін з іх - па мянушцы «Зубр» - хавае свой твар, імя і іншую інфармацыю, якую могуць выкарыстаць супраць яго або яго блізкіх. Голас таксама папрасіў змяніць.
«Тое, што я тут дапамагаю цэласнасць Украіны захоўваць і ўкраінскаму народу ў цэлым, ад гэтага нейкая карысць будзе і нашаму народу», - кажа ён.
Такіх добраахвотнікаў з Беларусі і Расеі ў батальёне каля 60. Але адразу ўступіць у адно з самых вядомых падраздзяленняў Нацгвардыі немагчыма. Патрэбнае ўкраінскае грамадзянства або від на жыхарства.
«Беларусы і грамадзяне Расеі з відам на жыхарства афармляюцца ў нас у якасці служачых», - кажа камбат Сямён Сяменчанка.
Батальён ваюе не за грошы - зарплаты тут проста няма. Змагаюцца за светлую ідэю: свабодная Украіна як дом для ўсіх свабодных грамадзян, незалежна ад нацыянальнасці. Байцы з іншых краін кажуць, што адчуваюць сябе сярод сваіх.
«Мы сапраўды брацкія народы, і ў гадзіну цяжкіх выпрабаванняў многія з іх жадаюць быць са сваімі братамі», - кажа Сямён Сяменчанка.
Украінцы пачалі гаварыць пра сапраўднае братэрства з беларусамі яшчэ падчас Майдана, куды паехалі нашы суайчыннікі, і пасля смерці Міхаіла Жызнеўскага, аднаго з першых забітых спецназам актывістаў. А для многіх беларусаў Майдан стаў той кропкай, дзе здзейснілася мара аб свабодзе.
«Вось чаго нам не хапала: камусьці цяжка, кагосьці б'юць - украінцы адразу ідуць туды, дзе б'юць, і ратуюць свайго. У нас гэтага дакладна не было», - кажа «Зубр».
Цяпер жа на базе пад Кіевам байцы батальёна Нацгвардыі вучацца біць тэрарыстаў.
«Я зрабіў свой выбар. Хутчэй за ўсё, на радзіме буду лічыцца злачынцам, але мы зробім нейкія юрыдычныя формы для таго, каб гэта не было злачынствам», - сказаў ён.