BE RU EN

Санкцыі Захаду супраць РФ удараць па беларускім экспарце

  • 21.07.2014, 12:30

Попыт на беларускія тавары, якія пастаўляюцца ў Расею, упадзе.

Пра гэта заявіла эканамістка Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова, піша БелаПАН.

Экспэртка звярнула ўвагу на тое, што санкцыі Захаду ўжо прычыніліся да адтоку капіталу з Расеі і зніжэння тэмпаў эканамічнага росту ў суседняй краіне. "Мы пастаўляем у Расею інвестыцыйныя тавары (у прыватнасці прадукцыю машынабудавання), і ў сітуацыі нявызначанасці, якая склалася сёння ў Расеі, попыт на такія тавары зніжаецца. Адпаведна, гэты кірунак нашага экспарту становіцца ўразлівым", - адзначыла Барнукова.

Акрамя таго, калі адток капіталу з Расеі будзе прадаўжацца, гэта можа мець для Беларусі і фінансавыя наступствы. "Адток капіталу азначае, што ў Расеі будзе менш магчымасцяў надаваць фінансавую падтрымку нашай краіне", - прагназуе экспэртка.

Паводле прагнозу Мінэканамразвіцця РФ, адток капіталу ў сувязі з санкцыямі Захаду можа скласці ў 2014 годзе 90 млрд даляраў ЗША. Гэта, мяркуюць у расейскай установе, можа прычыніцца да запаволення тэмпаў эканамічнага росту. Паводле ацэнак Мінэканамразвіцця, у гэтым годзе рост ВУП у Расеі складзе 0,5%.

Нагадаем, на мінулым тыдні ЗША ўвялі дадатковыя санкцыі ў дачыненні да Расеі ў сувязі з сітуацыяй вакол Украіны. Пад санкцыі трапілі буйныя расейскія кампаніі - "Роснефть", "Газпромбанк", "Внешэкономбанк". Мяркуецца, што расейскім банкам будзе абмежаваны доступ да сярэдне-і доўгатэрміновага фінансавання, амерыканскім крэдыторам забараняецца даваць расейскім банкам пазыковае фінансаванне.

Не выключана, што бліжэйшым часам Захад увядзе новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі. Такая магчымасць абмяркоўвалася лідэрамі ЗША, Нямеччыны і Вялікабрытаніі пасля таго, як на мінулым тыдні над тэрыторыяй Усходняй Украіны, кантраляванай сепаратыстамі, быў збіты пасажырскі самалёт, які ляцеў з Нідэрландаў у Малайзію. Заходнія палітыкі абвінавачваюць Расею ў пастаўках зброі і падтрымцы ўкраінскіх сепаратыстаў, што вядзе да дэстабілізацыі абстаноўкі ў Украіне.

Апошнія навіны