«Лідская абутковая фабрыка» перайшла на чатырохдзёнку
- 27.08.2014, 11:17
Прадпрыемства, на якім занята блізу 730 чалавек, знаходзіцца ў цяжкім эканамічным становішчы.
Аб сітуацыі на ААТ praca-by.info распавялі працаўнікі прадпрыемства.
- Мы ўжо некалькі месяцаў працуем толькі чатыры дні на тыдзень. За паўгода змянілася некалькі дырэктараў, пару месяцаў мы наогул працавалі без кіраўніцтва. Быццам бы нядрэнна працуем, адгружаем прадукцыю. Але калі крамы нам плацяць, то райпо рэгулярна затрымлівае выплаты на 2-3 месяцы. І за што нам купляць сыравіну? Не кажучы ўжо пра тое, што інфляцыя з'ядае частку нашых даходаў.
На фабрыцы працуе блізу 730 чалавек, амаль усе жанчыны. Заробак нам затрымліваюць на тыдзень. Людзі атрымліваюць па 2,5 мільёна рублёў. Трэба было б пашырыць асартымент прадукцыі, а то выпускаем тэпці коштам 70 тысяч рублёў, а са скуры толькі рабочы мужчынскі абутак. Але адпаведнага абсталявання няма, і купіць яго няма за што, фабрыка і так па вушы ў крэдытных пазыках. З кожным годам сітуацыя ўсё горшая і горшая, - распавялі працаўнікі «Лідскай абутковай фабрыкі».