Сяргей Міхалок прэзентаваў «супергурт» BRUTTO (Відэа)
- 1.09.2014, 9:32
Новы праект быў анансаваны ў ноч на 1 верасня.
У нядзелю ўвечары на афіцыйным сайце «Ляпіса Трубяцкога» з'явіліся развітальныя словы і абяцанне падзяліцца планамі ў панядзелак. Інтрыга не зацягнулася. Ужо блізу паўночы стала вядома, што частка ўдзельнікаў «Ляпіса» аб'ядналіся ў каманду Trubetskoy.
У яе склад увайшлі тры былых удзельніка калектыву: вакаліст Павел Булатнікаў, гітарыст Руслан Уладыка, бубнач Аляксандр Старажук. У новым праекце таксама бяруць удзел гітарыст Павел Трацяк і басіст Аляксандр Мышкевіч. Будучы правапераемнікам «Ляпісаў», Trubetskoy плануе выконваць і старыя песні гурта (што падпадуць пад даволі сур'ёзнае творчае пераасэнсаванне), і новы матэрыял, праца над якім ужо пачалася, піша «Салiдарнасць».
Першым сінглам стала песня «Ластаўка».
Новы праект былога лідэра гурта «Ляпіс Трубяцкі» Сяргея Міхалка называецца BRUTTO. Ягоны заявачны кліп з'явіўся ў сетцы познім вечарам апошняга дня лета.
«BRUTTO - Брыгада Рэвалюцыйнага чаду і Творчага Адпору імя Арнэлы Мутэн! Стыль ART-BRUT! ХІТ-КОР! Панкаўскі пауэр-ліфтінг для дзяцей і вар'ятаў!
Мы - музычны Найк і паэтычная Ікеа! Прастата! Гарантыя! Якасць!
Нам няма часу пісаць мудрагелістыя тэксты і рабіць складаныя аранжыроўкі! Мы спажываем Усе радасці Здаровага і Свабоднага жыцця! Мы эпікурэйцы і нарцысы! А х** е?
BRUTTO - музыка Стадыёнаў, Палацаў спорту, Лядовых Арэн і месцаў, прыдатных для масавага збору людзей!» - гаворыцца ў прэзентацыі групы.
У першым кліпе BRUTTO з'явіўся і неаднаразовы чэмпіён свету ў тайскім боксе, заслужаны майстар спорту Беларусі Віталь Гуркоў, вядомы сваімі патрыятычнымі поглядамі і чыім кумірам з'яўляецца Кастусь Каліноўскі.