Тры заводы «Забудовы» спыненыя праз запазычанасць
- 15.09.2014, 17:17
Прадпрыемства знаходзіцца ў крызісе праз крэдыты.
Аб сваёй незадаволенасці тым, што адбываецца, рабочыя «Забудовы» паведамілі яшчэ ў лістападзе мінулага года. Іх больш за ўсё непакоіла, што зарплаты выплачваюць несвоечасова і не цалкам, а таксама, што ў працоўных няма поўнай загружанасці, піша «Рэгіянальная газета».
Кіраўніцтва ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Забудова» адказала на гэта, што заробак выплацілі, але часткамі. Затрымку патлумачылі сезонным падзеннем попыту і запазычанасцю.
Праз некалькі месяцаў рабочыя «Забудовы» зноў звярнуліся да журналістаў, не маючы, на іх думку, іншага спосабу звярнуць на сябе ўвагу:
«Народ бяжыць з усіх прадпрыемстваў холдынгу, як пацукі з карабля, які тоне. Усё праз тое, што заробак плацяць часткамі, адмянілі авансы. Начальства не тлумачыць працоўным і не адказвае, калі выплацяць увесь заробак. Падвышалі заробак апошні раз больш за год таму. У гэтым годзе падвысілі толькі для адзінак. Як усім дамагчыся, каб падвысілі зарплату?
Праца ёсць час ад часу. Калі яе няма, высокакваліфікаваныя працаўнікі падмятаюць цэх, фарбуюць агароджу. Мы просім, каб людзей загружалі, падвысілі зарплаты і выплачвалі своечасова»
Аб сітуацыі ў «Забудове» распавёў намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы, сацыяльнаму развіццю і аграрных пытаннях Генрых Кутас. Ён не хавае, што прадпрыемства мае фінансавыя праблемы і ацэньвае сапраўдны стан як надзвычай складаны. Прычыну кіраўніцтва бачыць у тым, што доўгі час бралі крэдыты пад высокія адсоткі. Цяпер вялікая частка абаротных сродкаў ідзе на іх выплату. У той жа час, ёсць пакупнікі, якія маюць запазычанасць і перад «Забудовай» за ўжо адгружаны тавар.
Наконт зарплаты Генрых Кутас адказаў, што кампанія павінна выплачваць яе да 25 чысла за справаздачны перыяд. Цяпер звычайна грошы налічваюць ад 25 да канца месяца цалкам.
Сярэдні заробак на «Забудове» больш за пяць мільёнаў рублёў, паведаміла кіраўніцтва прадпрыемства.
Калі б прадпрыемства працавала на ўсю магутнасць без перапынку, то ўжо за адзін месяц такой працы мела б прыбытак. Але гэтага не адбываецца: прадпрыемства не атрымлівае дастаткова сыравіны зноў жа праз запазычанасці. У першую чаргу гэта тычыцца цэментных заводаў-пастаўшчыкоў, якія ў сілу запазычанасці не даюць сыравіну. Адзін дзень прастою дае вялікія страты.
Тры заводы «Забудовы» - будаўнічых канструкцый, будматэрыялаў і дахавай чарапіцы - цяпер стаяць. З чатырох заводаў холдынгу працуе толькі дрэваапрацоўчы. Для яго працы ёсць камплектуючыя.
Многіх працоўных адпусцілі на 2/3 стаўкі, іх зарплаты панізілі. Кіраўніцтва трымаецца пазіцыі: пачакаць некалькі дзён і дачакацца сыравіны, каб за адзін дзень выканаць працу.
Сыход кадраў кіраўніцтва бачыць, але цяпер гэта не самая актуальная праблема: будаўнічы сезон зачыняецца.
Намеснік гендырэктара падкрэсліў, што на складах запасаў толькі на некалькі дзён, а тавары раскупляюць. Вырабы з цэменту добра ідуць на продаж. Па працы з дрэвам сітуацыя крыху іншая. За 21 дзень рабочыя паспяваюць выканаць патрэбную працу. А вось грошы ад заказчыка чакаюць месяцамі.
ААТ «Забудова» на працягу 20 гадоў займае пазіцыю аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў у галіне будоўлі.
«Нядаўна разам з гендырэктарам правялі сходы ў кожным працоўным калектыве. Сказалі, колькі мы павінны, колькі нам. Кіраўніцтва часта ездзіць у Менск шукаць выхад.
Мяркую, што пастанову прымуць на ўзроўні старшыні Менаблвыканкама. Спадзяемся, што прадпрыемства будзе жыць. Наша задача - захаваць холдынг, даць работнікам зарабіць. Не абяцаем ананасы, але на хлеб павінна хапіць», - адзначыў Генрых Кутас.
Адзіны выхад кіраўніцтва «Забудовы» бачыць у тым, каб улада іх падтрымала з выплатай запазычанасці.