Магілёўскага журналіста вінавацяць у незаконным вырабе СМІ
- 17.09.2014, 9:51
Магілёўская міліцыя вінаваціць Аляксандра Буракова ў адміністрацыйным правапарушэнні.
Раніцай 16 верасня сем супрацоўнікаў міліцыі правялі ў кватэры журналіста ператрус. Яны канфіскавалі два ноўтбукі, якія належаць жонцы Аляксандра Буракова. Таксама ператрус быў праведзены ў кватэры яго бацькоў, дзе міліцыянты канфіскавалі два сістэмных блока кампутараў. У пастанове на ператрус было ўказана, што Буракоў супрацоўнічаў з сайтам радыё «Нямецкая хваля» без акрэдытацыі, піша БелаПАН.
Днём 16 верасня Буракоў паводле ўручанай падчас ператрусу позве з'явіўся ў Ленінскі РАУС Магілёва, дзе быў апытаны супрацоўнікам міліцыі Уладзімірам Пугачовым. Міліцыянт не дазволіў прысутнічаць пры размове карэспандэнту БелаПАН, аднак не змог спаслацца на які-небудзь закон, які забараняе такую прысутнасць. У той жа час, як паведаміў БелаПАН, размова Буракова з Пугачовым запісвалася на відэакамеру іншым супрацоўнікам міліцыі.
«Падчас гутаркі высветлілася, што праведзена скрупулёзная праца, паколькі нават міліцыянт сказаў, што на сайце «Нямецкай хвалі» ёсць 142 публікацыі з подпісам «Аляксандр Буракоў». У яго былі раздрукоўкі - лістоў 60-80 з рознымі артыкуламі, і было відаць, што яны сачылі за гэтымі публікацыямі. Я, вядома, не адмаўляў свайго аўтарства», - сказаў Буракоў, адзначыўшы, што яму прад'яўленае абвінавачванне паводле часткі 2 артыкула 22.9 КоАП.
Акрамя таго, журналісту паведамілі, што знайшлі яго старонку на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы». «Ёсць так званы клуб сяброў «Эхо Москвы», дзе можна ствараць свае старонкі і весці якую-небудзь дзейнасць на сайце радыёстанцыі. Тут размова ідзе ўжо не пра журналістыку, а пра блогерскую дзейнасць. Таксама мне паведамілі, што на сайце «Аднакласнікі» таксама ёсць мая старонка, на якую яны заходзілі, і там ёсць спасылкі на публікацыі на сайце «Нямецкай хвалі». Мяне ўсё гэта вельмі здзівіла», - адзначыў журналіст-фрылансер.
З ягоных слоў, супрацоўнік міліцыі цікавіўся, як і дзе праходзіць яго праца - на тэрыторыі Беларусі ці за яе межамі.
Буракоў таксама паведаміў, што не стаў падпісваць пратакол апытання, а Пугачоў не ўручыў яму копію гэтага пратаколу. У журналіста па-ранейшаму няма ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць канфіскацыю кампутараў.
«Тыя дзеянні, якія распачалі міліцыянты, не адпавядаюць той адказнасці, якая прадугледжаная артыкулам - штраф да 50 базавых велічынь, нават калі мяне прызнаюць вінаватым у яе парушэнні. Таму лічу, што міліцыя робіць глупства», - заявіў Буракоў.
Прычыну пераследу за журналісцкую дзейнасць ён не змог назваць, выказаўшы пры гэтым дзве версіі. «Магчыма, ідзе нейкая каляпалітычная гульня праз візіт прадстаўніка АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ Дуні Міятавіч. Другая версія - прэзідэнцкая кампанія 2015 года. Думаю, ціск на журналістаў будзе ўзмацняцца», - сказаў Аляксандр Буракоў.
23 верасня журналіста зноў абавязалі з'явіцца ў Ленінскі РАУС Магілёва, дзе яму паведамяць пра перспектывы гэтай адміністрацыйнай справы.