Платных парковак у цэнтры Менска стане больш
- 24.09.2014, 17:49
У Менску актуальная праблема недахопу парковачных месцаў.
Пра гэта паведаміў сёння ў час прамой тэлефоннай лініі з насельніцтвам сталіцы старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька, паведамляе карэспандэнт БелТА.
"У Менску актуальная праблема недахопу парковачных месцаў, але яна паступова развязваецца. Так, з 1 кастрычніка ў цэнтральнай частцы горада з'явіцца больш платных стаянак для аўтамабіляў. На вул.Прытыцкага да сакавіка адкрыецца найбуйнейшы ў рэспубліцы гандлёвы і адміністрацыйны цэнтр. Каля яго абсталююць паркоўку на 2 тысячы аўтамабіляў. Праз паўгода ў раёне Каменнай Горкі адкрыецца гіпермаркет, каля яго - стаянка на 1,5 тысяч машына-месцаў", - сказаў Мікалай Ладуцька.
Да прыкладу, стаянку на платных паркоўках у цэнтры горада на вул.Ленінградскай і вул.Гікала ў рабочыя дні з 8.00 да 18.00 можна будзе аплаціць рознымі спосабамі: з дапамогай СМС-паведамлення і USSD-запыту, з дапамогай спецыяльна створанага прыкладання, пластыкавай карткі праз банкамат, парковачнай карты, якую можна набыць у кіёсках "Белсаюздруку", а таксама з дапамогай парковачных тэрміналаў. Прыпаркаваць аўто на гэтым участку дарогі на час да 20 хвілін будзе каштаваць Br3 тыс, на гадзіну - Br8 тыс. Разабрацца з новай сістэмай аплаты паркоўкі аўтааматарам дапамогуць інфармацыйныя шчыты на стаянцы. Акрамя таго, з пытаннем можна звярнуцца да супрацоўнікаў спецыяльнай інспекцыі, у абавязкі якіх уваходзіць кантроль за аплатай.