Новы генеральны сакратар NATO: Украіна будзе прыярытэтам
- 24.09.2014, 20:05
Развязанне сітуацыі ва Украіне стане галоўным прыярытэтам для новага генеральнага сакратара NATO Енса Сталтэнбэрга, які 1 кастрычніка ўступіць на пасаду.
Кіеў будзе заставацца партнёрам Альянсу. Пра гэта былы прэм'ер Нарвэгіі Енс Сталтэнбэрг заявіў нарвэжскаму тэлеграфнаму агенцтву, паведамляе ІТАР-ТАСС.
"На сур'ёзнасць сітуацыі, што ва Украіне, паказвае той факт, што вайсковая сіла ўжываецца для змены межаў дзяржаў. Украіна з'яўляецца партнёрам NATO і, акрамя таго, мяжуе з дзяржавамі – чальцамі альянсу", - сказаў ён.
Сталтэнбэрг таксама дадаў, што вяртанне да ранейшага фармату стасункаў паміж NATO і Расеяй у гэты момант немагчымае.
"Вяртанне да ранейшага (фармату стасункаў з Расеяй) не разглядаецца ў якасці варыянту. Расеяй была прынятая пастанова прытрымлівацца больш агрэсіўнай лініі. Таму мы не можам, як спадзяваліся раней, прадаўжаць умацаванне партнёрства з Расеяй", - сказаў будучы генеральны сакратар.