Палітвязень Лобаў у калоніі працуе на прамзоне
- 7.09.2014, 13:32
Эдуард Лобаў у івацэвіцкай калоніі атрымаў прафесію зваршчыка, але работы ў гэтай спецыяльнасці ў калоніі яму не знайшлося.
Пра гэта распавяла «Радыё Свабода» маці палітвязня Марына Лобава.
«Часам ён выходзіць на так званую «промку»- на прамысловую зону. Нейкія працы там выконвае, то дапамагчы, то прыбраць. А зваршчыкам не працуе. Такой працы яму не знайшлося. Але там гэта звычайная сітуацыя. Там навучаюцца і на цырульніка, і на краўца, а працу такую адкуль там ўзяць? Няма яе. Гэта ўсё для будучыні, для свабоды. Нічога, пацерпім. Нам засталося 3,5 месяца», - распавяла Марына Лобава.
Нагадаем, Эдуард Лобаў разам са старшынём «Маладога фронту» Зміцерам Дашкевічам быў затрыманы ў Менску 18 снежня 2010 года. Затрыманне Лобава і Дашкевіча было прэвентыўнай мерай спецслужбаў і міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія праходзілі на наступны дзень.
24 сакавіка 2011 года суд Маскоўскага раёна Менска прысудзіў Эдуарда Лобава да 4 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму паводле ч. 3 арт. 339 КК «асабліва злоснае хуліганства».