BE RU EN

130 рабочых з Ганцавічаў і Вілейкі трэці месяц без заробку

  • 12.01.2015, 18:40

Яны працуюць качагарамі, дворнікамі, слесарамі, сантэхнікамі, электрыкамі на маскоўскую кампанію «Теплосервис».

З красавіка па снежань 2014 года фірма займалася абслугоўваннем казарменна-жыллёвага фонду расейскіх вайсковых частак у Беларусі, пішуць «Белорусские новости».

«У кастрычніку арганізацыя заплаціла нам за верасень, а потым перастала плаціць», - кажа адзін з рабочых, які папрасіў не называць сваё імя.

У сярэднім беларусы зараблялі па 14 тысяч расейскіх рублёў (каля 250 даляраў) у месяц. Гэта значыць, пратэрмінаваная запазычанасць кампаніі ў зарплаце дасягае прыкладна 100 тысяч даляраў. Некаторым рабочым належыць кампенсацыя за адпачынак, таму сума доўгу можа быць і вышэй.

«Нам павінныя практычна чатыры зарплаты», - кажа суразмоўца выдання.

Паводле слоў ягонага калегі, які таксама папрасіў не называць сваё імя, рабочыя звярталіся ў працоўную інспекцыю. Аднак яна нічым не можа дапамагчы - маўляў, ТАА «Теплосервис» не з'яўляецца рэзідэнтам Беларусі, а значыць не падпарадкоўваецца беларускім законам.

«Мы не ведаем, што рабіць... Якія прафзвязы?! Тут усё чорнае. Нам не даюць разліковыя лісткі, грошы вязуцца ў чамадане з Масквы», - кажа рабочы.

Кіраўніцтва маскоўскай кампаніі кажа, што не можа выплаціць рабочым заробак, паколькі ім павінныя падрадчыкі.

Падрадчыкам у «Теплосервиса» з'яўляецца ААТ «Славянка». Гэтая структура была створаная ў красавіку 2009 года, калі ў Расеі праводзілі вайсковую рэформу і вырашылі вызваліць салдат ад неўласцівых ім гаспадарчых функцый. ААТ «Славянка» падпарадкоўваецца Міністэрству абароны Расеі.

Арганізацыя абяцае расплаціцца з ТАА «Теплосервис» да канца лютага пры ўмове, што фірма выканае ўсе ўмовы дамовы.

Як растлумачылі ў прэс-службе «Славянкі», пры заключэнні дагавора на аказанне паслуг у комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў воінскіх частак кампаніі-падрадчыку выплачваецца аванс у памеры 10% ад агульнага кошту дагавора.

Далей кампанія штомесяц падае акты выкананых работ, якія праходзяць працэдуру ўзгаднення ў Мінабароны Расеі (якое прадстаўляе дзяржаўнага заказчыка), а таксама ў ААТ «Славянка», і затым паступаюць на аплату. У сярэднім такая працэдура займае два месяцы.

Паводле ўмоў дагавора, падрадная арганізацыя павінная ў канцы года выканаць умовы дагавора і разлічыцца са сваімі работнікамі з наяўных фінансавых сродкаў, каб цалкам закрыць адыходзячы год. Затым падаць на аплату акты выкананых работ і ўжо ў новым годзе атрымаць грошы за папярэднія два месяцы.

У прэс-службе «Славянкі» заявілі, што пералічылі паводле дамовы з «Теплосервисом» досыць абаротных сродкаў, каб кампанія змагла закрыць адыходзячы год і разлічыцца са сваімі работнікамі.

«За 2014 год пералічана 45 млн. рублёў, з іх 18 млн. рублёў - перадаплата. Для параўнання, на заработную плату работнікам, паводле наяўнай у нас інфармацыі, сыходзіць 2,5 млн. рублёў у месяц. Працы, выкананыя ў лістападзе-снежні 2014 года, будуць аплачаныя да канца лютага 2015 года», - паведамілі ў прэс-службе «Славянки».

Тым не менш, адзначылі там, унутраны абарот сродкаў у кампаніі, мабыць, не быў арганізаваны належным чынам, у сувязі з чым пацярпелі працаўнікі «Теплосервиса».

«Мы спадзяемся, што кіраўніцтва кампаніі зможа ў бліжэйшы час знайсці рашэнне дадзенага пытання», - паведамляе прэс-служба.

Разам з тым, у сувязі з нядобрасумленным выкананнем сваіх абавязкаў у выплаце заработнай платы работнікам, ААТ «Славянка» прыняло рашэнне адхіліць ТАА «Теплосервис» ад абслугоўвання аб'ектаў, дагавор з ёй скасаваны. Са студзеня 2015 года да выканання абавязкаў у комплексным утрыманні аб'ектаў прыступіла іншая кампанія.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі гатовае правесці паводле гэтага факту расследаванне і раіць рабочым кампаніі «Теплосервис» звярнуцца да іх з афіцыйным запытам.

Апошнія навіны