BE RU EN

Беларускія гандбалісты едуць на чэмпіянат свету ў Катар

  • 12.01.2015, 21:32

Чэмпіянат свету пройдзе з 15 студзеня па 1 лютага. Удзел у турніры возьмуць 24 зборныя.

Мужчынская зборная Беларусі ў гандболе гатовая да вырашэння задач на чэмпіянаце свету ў Катары, заявіў галоўны трэнер каманды Юрый Шаўцоў на ўрачыстай цырымоніі провадаў, якая прайшла 12 студзеня ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.

«Сёння раніцай мы завяршылі падрыхтоўку да турніру, правёўшы апошнюю трэніроўку. У нас быў выдатны збор у Магілёве», - сказаў Шаўцоў. Сярод іншых ён выказаў падзяку жонкам гандбалістаў, якія дазволілі «забраць іх ад дзяцей і сям'і».

«Пяць гадоў мы ішлі да сённяшняга дня. Гатовыя да выканання задачы і ідзем да гэтага з гонарам. Мы не тыя, хто трымае сініцу ў руках, мы хочам жураўля ў небе», - заявіў трэнер.

Галоўнай задачай зборнай на ЧС будзе траплянне ў лік першых сямі: пераможца турніру наўпрост кваліфікуецца на Алімпійскія гульні 2016 года ў Бразіліі, а каманды, якія занялі 2-7-ае месцы, атрымаюць права выступіць у алімпійскай кваліфікацыі.

Паводле слоў Шаўцова, задача цяжкая, так як два гады таму на сусветным першынстве ў Гішпаніі зборная заняла 15-тае месца. «Але калі не атрымаецца, будзе сорамна, што не паспрабавалі. Прыкладу ўсе намаганні, каб каманда ўдала выступіла», - падкрэсліў трэнер.

Чэмпіянат свету пройдзе з 15 студзеня па 1 лютага. Удзел у турніры возьмуць 24 зборныя, падзеленыя на чатыры групы:

Група А. Гішпанія, Славенія, Катар, Беларусь, Бразілія, Чылі.
Група В. Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Аўстрыя, Туніс, Іран.
Група С. Францыя, Швецыя, Алжыр, Чэхія, Егіпет, Ісландыя.
Група D. Данія, Польшча, Расея, Аргенціна, Саудаўская Аравія, Нямеччына.

Чатыры першыя каманды з кожнай групы паводле вынікаў аднакругавога турніру выходзяць у 1/8 фіналу.

Расклад матчаў з удзелам зборнай Беларусі: 16 студзеня - Гішпанія (17:00, «Беларусь 5»), 17 студзеня - Славенія (17:00, «Беларусь 2»), 19 студзеня - Бразілія, 21 студзеня - Чылі, 23 студзеня - Катар.

Зборная Гішпаніі з'яўляецца дзейным чэмпіёнам свету.

Мужчынская зборная Беларусі ў гандболе двойчы прымала ўдзел у чэмпіянатах свету. У 1995 годзе ў Ісландыі каманда пад кіраўніцтвам Спартака Мірановіча заняла 9-тае месца, а ў 2013 годзе ў Гішпаніі ўжо пад кіраўніцтвам Юрыя Шаўцова апынулася на 15-тай выніковай пазіцыі.

Фота: belapan.com

Апошнія навіны