Барыс Нямцоў: Упершыню за 15 гадоў у Расеі няма бюджэту
- 13.01.2015, 10:56
Расейскія ўлады бліжэйшым часам пачнуць друкаваць грошы і будуць рабіць гэта рэгулярна, каб зэканоміць рэзервы.
Кошт нафты маркі Brent, што абрынуўся ўчора ніжэй за $48 за барэль, і курс 63,5 рублёў за даляр азначаюць, што лічбы, якія закладзеныя ў бюджэт РФ на 2015 год, нерэальныя. Такое меркаванне выказаў расейскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў у "Фэйсбуку".
"Упершыню за 15 гадоў у Расеі няма бюджэту, гэта значыць ён фармальна прыняты, зыходзячы з кошты нафты 96 даляраў і курсу 37,7, але фактычна не дзейнічае, бо ніякага дачынення да рэальнасці не мае. Пры такім курсе і кошце нафты дэфіцыт складзе мінімум 2,5 трлн рублёў. Замест 7,5 трлн руб. нафтавых даходаў, закладзеных у бюджэт, збяруць у лепшым выпадку 6 трлн (на 20% менш)", - піша Нямцоў.
Ён таксама дадаў, што ВУП Расеі знізіцца на 5%, што пры бюджэце ў 15 трлн руб. азначае недабор яшчэ 750 млрд рублёў. А рэзкае скарачэнне імпарту прывядзе да страт у зборы ПДВ.
На думку Нямцова, у гэтых умовах урад можа выкарыстоўваць Рэзервовы фонд, які складае $80 млрд і, калі выдаткаваць палову гэтай сумы, здольны кампенсаваць страты.
"У 2016 год Расея ўвойдзе з рэзервовага фонду ў 30-40 млрд даляраў, што не страшна, калі нафта вырасце ў кошце. А калі не вырасце? І санкцыі захаваюцца? Тады што? Тады фонд вычарпаецца, і ва ўладаў нічога акрамя друкавання грошай больш не застаецца. Друк грошай напярэдадні выбараў у Думу 2016 - немінучая інфляцыя вышэй 20-30%, высокія адсоткавыя стаўкі ў крэдытах, рэзкі эканамічны спад і збядненне грамадзян. Гатовы на гэта Крэмль? наўрад ці", - мяркуе палітык.
У сувязі з гэтым Нямцоў выказаў прагноз, што друкаваць грошы расейскі ўрад пачне прама цяпер і будзе рабіць гэта рэгулярна, каб зэканоміць рэзервы.
"Інфляцыя ў 2015 годзе будзе вышэйшай, чым у 2014-м (афіцыйна яна аб'яўлена на ўзроўні 11,4%, а кошты на прадукты харчавання выраслі больш чым на 15%). На практыцы рост коштаў у 2015 годзе перавысіць 20%, а стаўка ЦБ ў 17% яшчэ доўга не панізіцца. Курс 70-80 рублёў за даляр - практычна непазбежная рэальнасць", - упэўнены ён.
На думку Нямцова, ад такой палітыкі ў першую чаргу пацерпяць рэгіёны, якія будуць фінансавацца па рэшткавым прынцыпе. Палітык адзначыў, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін мяркуе прыярытэтнымі выдаткі на войска, спецслужбы, бюракратыю, а таксама фінансаванне пенсіянераў, якія з'яўляюцца галоўнымі прыхільнікамі рэжыму.
"Тым не менш замарозка пенсій, заробкаў і дапамог на фоне інфляцыі больш за 20% немінучыя. Скарачэнне рэальных даходаў людзей і рост беднасці непазбежныя. Крамлю застаецца толькі Богу маліцца, каб нафта падаражэла", - падсумаваў ён.