BE RU EN

МЗС Украіны: Тэрарысты свядома цэлілі ў мірных грамадзян

  • 14.01.2015, 14:57

Прарасейскія тэрарысты свядома цэлілі ў мірных жыхароў пад Валнавахай, паколькі там няма пазіцый украінскіх вайскоўцаў.

Пра гэта сказана ў заяве МЗС Украіны ў сувязі з тэрактам пад Валнавахай, піша "Лiга.нет".

"Абстрэл вёўся з раёна горада Дакучаеўск, які знаходзіцца пад кантролем незаконных узброеных фармаванняў. Усе факты паказваюць на тое, што гэтая жудасная трагедыя не была выпадковасцю - у раёне блокпосту няма пазіцый Узброеных Сіл Украіны, а такім чынам тэрарысты свядома цэлілі ў мірных грамадзян", - падкрэсліваецца ў паведамленні.

"На ўсходзе Украіны працягваюць адкрыта дзейнічаць тэрарыстычныя групоўкі, якія ўзбройваюцца і падтрымліваюцца Расейскай Федэрацыяй. Ад расейскіх куль і снарадаў, якія злачынным шляхам трапляюць на тэрыторыю Украіны, працягваюць гінуць не толькі ўкраінскія вайскоўцы, але і мірныя жыхары. Заклікаем міжнародную супольнасць не дазволіць ператварыць нявінныя ахвяры ўкраінскіх грамадзян, якія гінуць ад рук і зброі тэрарыстаў, у простую статыстыку смерцяў. Праведзены прарасейскімі баевікамі жудасны тэрарыстычны акт, як уся іх дзейнасць, накіраваныя супраць чалавечнасці і павінны быць рашуча асуджаныя і пакараныя", - сказалі ў МЗС.

Нагадаем, удзень 13 студзеня тэрарысты абстралялі блокпост пад Валнавахай. Адзін са снарадаў разарваўся каля пасажырскага аўтобуса, які перавозіў мясцовых жыхароў. У выніку на месцы загінулі дзесяць пасажыраў. Пазней было паведамлена, што ад атрыманых ран памерлі пасля мужчына і жанчына. Такім чынам, колькасць ахвяр дасягнула 12-ці чалавек. Больш за паўтара дзясятка параненых жыхароў застаюцца ў лякарні.

Апошнія навіны