Бацьку Міколы Статкевіча павіншавалі з Новым годам
- 2.01.2015, 18:12
Баранавіцкія грамадскія актывісты і праваабаронцы наведалі Віктара Статкевіча, бацьку экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.
Яны павіншавалі яго з Новым годам, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».
Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі з 20 снежня 2010 года. Тэрмін ягонага зняволення скончыцца ў снежні 2016 года.
«Віктар Паўлавіч шчыра жадае хутчэйшага вызвалення ўсіх палітвязняў, асабліва чакае сына Мікалая, які адбывае зняволенне ў турме № 4 Магілёва, - сказаў актывіст руху «За Свабоду» Віктар Сырыца. - Гэтымі надзеямі ён жыве вось ужо пяты год запар. Таму мы стараемся яго маральна падтрымаць і падбадзёрыць».
Падчас сустрэчы ішла размова аб магчымым пераводзе ў новым годзе Мікалая Статкевіча з Магілёўскай турмы ў Шклоўскую калонію, а таксама пра падзеі ва Украіне, фінансавым і валютным крызісе, росце коштаў, паведамілі праваабаронцы.