BE RU EN

Мікалай Аўтуховіч: Ісці на «выбары» няма сэнсу

  • 23.01.2015, 8:10

Былы палітвязень заклікаў да байкоту прэзідэнцкіх выбараў.

Пра гэта Мікалай Аўтуховіч заявіў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя», каментуючы распрацоўку апазіцыйнымі партыямі стратэгіі ўдзелу ў іх.

«Няма ніякага сэнсу хадзіць ці рыхтавацца да выбараў, якіх практычна няма, - сказаў ён. - Калі я быў у турме, у калоніі, я заўсёды пісаў, што няма ніякага сэнсу хадзіць на гэтыя выбары. Толькі байкот, каб паказаць, што выбараў няма. Калі людзі будуць салідарныя, разам, пойдуць і скажуць выбарам «не», то можа штосьці там зменіцца. А пра тое, што зноў перашкаджаюць нашы палітыкі, нашы апазіцыянеры, то няма чаго і казаць».

Нагадаем, першы раз Аўтуховіча арыштавалі ў кастрычніку 2005 года, абвінаваціўшы ў нібыта нявыплаце падаткаў, тады яго асудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і Еўразвязу.

Другі раз Аўтуховіча арыштавалі 8 лютага 2009 года.

У траўні 2010 года за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны суд Беларусі прызнаў яго вінаватым паводле часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і прысудзіў да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязнем, асуджаным за сваю актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. Акрамя таго, адзначаюць яны, падчас суда над ім былі дапушчаныя сур'ёзныя працэсуальныя парушэнні.

Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю 8 красавіка мінулага года.

Апошнія навіны