Буйнейшыя прадпрыемствы пазбаўляюцца ад «баласту»
- 26.01.2015, 11:08
Беларускія прадпрыемствы масава звальняюць рабочых.
Каб у варунках дэвальвацыі рубля і дырэктыўнага абмежавання коштаў захаваць рэнтабельнасць вытворчасці, беларускія прадпрыемствы павінны ў 2015 годзе шукаць шляхі і механізмы змяншэння выдаткаў.
Адным з самых распаўсюджаных варыянтаў становіцца скарачэнне работнікаў.
Гэтая тэндэнцыя, як паказала даследаванне «Заўтра тваёй краіны», праявілася ўжо ў мінулым годзе, перш за ўсё ў дзяржаўным сектары. Цяпер яна распаўсюджваецца на прыватны сектар і прымае масавы характар.
Дзве траціны беларускіх адкрытых акцыянерных таварыстваў, уключаных у топ-30 найбуйнейшых працадаўцаў, ужо ў першыя дзевяць месяцаў мінулага года вымушаныя былі адрэагаваць на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі скарачэннем супрацоўнікаў. У першай дзесятцы, куды ўвайшлі практычна ўсе найбуйнейшыя ААТ краіны, сярэдняя колькасць работнікаў паменшылася на ўсіх прадпрыемствах, за выключэннем БелАЗ-холдынгу. Колькасць работнікаў жодзінскага аб'яднання не змянілася.
У студзені-верасні 2014 гэты працэс яшчэ не набыў масавы характар. У большасці прадпрыемстваў у сярэднім штат зменшыўся на 3-4%. Хоць і тады некаторыя прадпрыемствы ўжо былі вымушаныя ісці на значныя скарачэнні. Напрыклад, айчынны аўтагігант Мінскі аўтамабільны завод. Толькі за дзевяць месяцаў мінулага года праз падзенне рынку ў Расеі МАЗ адправіў дадому звыш 2,1 тысячы чалавек (больш за 10%).
«Гродна Азот» скараціў яшчэ больш работнікаў - амаль 2, 4 тысячы чалавек (звыш 20%). Больш за 1 тысячу супрацоўнікаў (звыш 15%) было звольнена на прадпрыемстве «Магілёўхімвалакно». Звыш 10% штатаў страцілі за дзевяць месяцаў мінулага года «Светлагорск Хімвалакно», Мінскі падшыпнікавы завод (сярэдняя колькасць паменшылася з 2361 чалавек да 2089), холдынгі БелОМА і «Амкадор» (адпаведна, скарачэнні з 3217 да 2780 і з 2468 да 2188 чалавек ). На 17% менш супрацоўнікаў стала ў пінскай швейнай кампаніі «Палессе» (з 2805 да 2327), на 28% - у «Брэстаблаўтатранс» (з 2341 да 1678 чалавек).
Толькі траціна з найбуйнейшых працадаўцаў Беларусі павялічыла штат. Але колькасць занятых расла пераважна ў будаўнічых трэстаў і вытворцаў будматэрыялаў. З дзесяці, якія ўвайшлі ў топ-30 ААТ, гэтую галіну прэзентуюць шэсць кампаній.
Таксама вырасла колькасць супрацоўнікаў «Кераміну», Будтрэста №7, прадпрыемстваў «Прамтэхмантаж», «Белэлектрамантаж».
Зрэшты, дынаміка прыросту новых супрацоўнікаў менш відавочная ў параўнанні з тэмпамі скарачэнняў. Да таго ж гэта звесткі аб сітуацыі да абрынання рубля 19 снежня мінулага года і жорсткіх захадаў урада для стрымлівання на гэтым фоне коштаў.
Змяненні сярэдняй колькасці работнікаў на найбуйнейшых беларускіх ААТ у студзені-верасні 2014
По данным Министерства финансов Республики Беларусь