BE RU EN

На «чорным рынку» за даляр даюць 16500 рублёў

  • 28.01.2015, 8:54

Аб курсе даляра ЗША на «чорным рынку» беларусы даведваюцца з паведамленняў міліцыі.

Згодна з інфармацыяй прэс-афіцэра РУУС Кастрычніцкага раёна Менска Леаніда Ушэшына, падчас праверкі работнікамі аддзела ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі затрыманы мянчук, які займаўся незаконным абменам валюты, паведамляе тэлеканал «Белсат».

«Мужчына быў затрыманы ў момант продажу валюты, - распавёў супрацоўнік міліцыі. - Прадметам пагаднення была сума ў $5000, курс продажу - Br16500 за $1. Акрамя таго, у затрыманага таксама былі выяўленыя грашовыя сродкі ў суме Br50 мільёнаў».

Прадстаўнік РУУС удакладніў, што затрыманы, як высветлілася падчас разбору, з'яўляецца дырэктарам аднаго з суб'ектаў гаспадарання.

Раней намеснік дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Віктар Франскевіч заяўляў, што парушэнні закона, звязаныя з незаконнымі валютнымі аперацыямі, пакуль «не маюць маштабнага характару».

«Прынятыя апошнім часам Нацыянальным банкам і ўрадам захады звялі перадумовы да маштабнага з'яўлення валютчыкаў да мінімуму», - адзначыў прадстаўнік Дзяржкантролю.

Крыніца ў бізнэс-колах паведаміла парталу «Інтэрфакс», што нелегальныя разлікі курсам Br16500 за $1 - цалкам прымальны варыянт для абодвух бакоў угоды.

«Валюты ў абменных пунктах не стае, таму завышэнне курсу на Br1-1,5 тысяч і нават крыху больш пры такіх аперацыях - гэта рэальны варыянт», - сказаў спецыяліст.

27 студзеня ў некаторых абменніках Менска можна было адразу купіць тысячу даляраў і еўра, паведамляе «Наша нiва». Напрыклад, у банку «БелВЭБ» ля сталічнага ЦУМа можна было набыць нават паўтары тысячы. У аддзяленні «Хоум Крэдыт Банку» таксама праблем няма - сказалі, што прададуць усякую патрэбную суму.

Але ў большасці банкаў усё ж можна набыць толькі тое, што здалі за дзень іншыя кліенты.

Апошнія навіны