BE RU EN

Настаўнікаў у Гомелі адправілі шукаць «дармаедаў»

  • 29.01.2015, 8:08

У Гомелі жыхароў сацыяльных і маласямейных кватэр, інтэрнатаў наведваюць назіральныя камісіі.

Мэта візітаў - зрабіць нейкія «сацыяльныя пашпарты» і праверыць умовы пражывання грамадзян. У прыватнасці 28 студзеня назіральная камісія наведалася да жыхара маласямейнага дома на вуліцы Косарава ў Савецкім раёне і да ягоных суседзяў, піша БелаПАН.

«Прыйшлі нейкія грамадзяне, цэлай групоўкай. Запатрабавалі адчыніць ім дзверы, каб яны агледзелі маю кватэру. Я іх не пусціў: на якой падставе? Мая кватэра знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, на нейкіх ўліках я не знаходжуся, дзяцей, якія б знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, я не маю. На мяне гэтая камісія выклікала міліцыю, атрымаўся канфлікт. А суседку яны наведалі і пагражалі ёй за тое, што ў яе ў кватэры беспарадак», - паведаміў жыхар дома 35-гадовы Зміцер.

У КЖРЭУП «Савецкае» растлумачылі, што сапраўды ў раёне, як і ў горадзе, працуюць назіральныя камісіі, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі МНС, домакіраўніцтва, сярэдняй школы (як правіла, сацыяльны педагог), цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Паводле інфармацыі камунальнага прадпрыемства, назіральныя камісіі абыходзяць інтэрнаты, маласямейныя дамы, сацыяльныя кватэры, а таксама адрасы, якія трапілі ў поле зроку міліцыі, МНС, школы (да прыкладу сям'і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы).

Назіральныя камісіі выяўляюць выпадкі антысанітарыі, неналежнага догляду за малалетнімі дзецьмі.

Акрамя таго, са слоў супрацоўнікаў КЖРЭУП «Савецкае», такім чынам выяўляюцца дармаеды. З нагоды выяўленых дармаедаў здаюцца штотыднёвыя справаздачы.

На прадпрыемстве запэўнілі, што праца назіральных камісій праходзіць у рамках закона, а жыхары абавязаныя даць доступ у кватэры ў адпаведнасці з Жыллёвым кодэксам і дагаворам найму.

Выяўляць дармаедаў таксама закліканыя і настаўнікі сярэдніх школ, якія абзвоньваюць бацькоў і просяць даць інфармацыю аб месцы іх працы або аб адсутнасці такога. Асаблівая ўвага - тым бацькам, у анкетах якіх паказана, што яны часова не працуюць.

Апошнія навіны