BE RU EN

Лукашэнка зладзіў узрушэнне на фінансавым рынку

  • 29.01.2015, 18:11

Дыктатар выказаўся за тое, каб краіна як мага менш прыцягвала знешнія крэдыты і ў сувязі з гэтым не выключыў рэструктурызацыю шэрагу міжнародных абавязацельстваў.

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі, піша АФН.

«Трэба імкнуцца не браць крэдыты. Я думаю, што мы будзем весці перамовы не пра новыя пазыкі, а пра рэструктурызацыю наяўнай пазыкі», - заявіў дыктатар.

Ён паведаміў пра наяўнасць дамоўленасці з прэм'ерам і прэзідэнтам РФ аб тым, што «калі будзе складана, нам падставяць плячо». «Не таму што мы не нахлебнікі. Таму што, мы частка расейскай эканомікі», - растлумачыў ён.

Праз пару гадзін Лукашэнку прыйшлося тлумачыць, паколькі ягоныя заявы выклікалі жах у крэдытораў, у тым ліку трымальнікаў беларускіх еўрабондаў.

«Беларусі не пагражае ніякі дэфолт. Мы заўсёды разлічваліся за пазыкі», - заявіў Лукашэнка, даўшы зразумець, што памыліўся з тэрміналогіяй, пераблытаўшы рэструктурызацыю з рэфінансаваннем.

У бюджэт 2015 года закладзенае рэфінансаванне выпуску еўрабондаў на суму 1 млрд. даляраў, пагашэнне якога мае быць ў жніўні.

У сваю чаргу Мінфін Беларусі паспяшаўся праінфармаваць крэдытораў праз свой сайт.

«Рэспубліка Беларусь мае неабходны аб'ём рэсурсаў і набор фінансавых інструментаў для безумоўнага выканання сваіх абавязацельстваў у пазыках у 2015 годзе.

Пытанне рэструктурызацыі пазык не разглядаецца. Урадам сумесна з Нацыянальным банкам вядзецца работа ў прыцягненні сродкаў для рэфінансавання часткі даўгавых абавязацельстваў як за кошт размяшчэння дзяржаўных аблігацый на знешніх і ўнутраных рынках, так і міждзяржаўных пазык», - гаворыцца ў паведамленні.

Апошнія навіны