Беларускім прадпрыемствам пагражае банкруцтва
- 3.01.2015, 14:31
Многія беларускія прадпрыемствы могуць спыніць сваю працу.
Пра гэта заявіў у інтэрв'ю БелаПАН сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.
З ягоных слоў, пасля ўвядзення камісійнага збору пры куплі замежнай валюты многія прадпрыемствы апынуліся на мяжы банкруцтва. «Пакуль імпарцёры прыпынілі сваю працу, а ў далейшым могуць прыпыніць сваю працу арганізацыі, дзейнасць якіх звязаная з імпартам. У сувязі з гэтым мы можам атрымаць спад у працы прамысловых прадпрыемстваў», - сказаў Маргелаў.
У новых умовах працы на фінансавым рынку многім арганізацыям пагражае банкруцтва ў сувязі з вялікімі валютнымі абавязацельствамі. «Трапілі» тыя, хто мае валютныя крэдыты, завезлі без перадаплаты імпартны тавар і многія іншыя катэгорыі прадпрыемстваў», - адзначыў сустаршыня канфедэрацыі.
Сітуацыю, з ягоных слоў, пагаршае тое, што ўсталяваны падатак на куплю замежнай валюты прадпрыемствы павінны выплачваць за кошт чыстага прыбытку. «Гэты збор даводзіцца выплачваць страшным спосабам», - падкрэсліў Маргелаў.
Каб пазбегнуць цяжкіх наступстваў для эканомікі, неабходна як мага хутчэй выходзіць на адзіны курс даляра і наводзіць парадак на валютным рынку, перакананы сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.
Нагадаем, 19 снежня беларускія ўлады абвясцілі аб увядзенні 30-адсоткавага збору, які юрыдычныя і фізічныя асобы павінны выплачваць пры куплі замежнай валюты. Праз дзесяць дзён памер збору пры куплі замежнай валюты зніжаны да 20%. Такую пастанову Нацбанк патлумачыў «нармалізацыяй сітуацыі на фінансавым і валютным рынках рэспублікі».
Пасля ўвядзення збору беларускія бізнэс-саюзы накіравалі ва ўрад ліст, у якім заклікалі прызнаць факт дэвальвацыі беларускага рубля і правесці яе афіцыйна з 1 студзеня 2015 года.