Словы Лукашэнкі пра Статкевіча насмяшылі палітвязня
- 30.01.2015, 16:05
Жонка палітвязня Марына Статкевіч пагутарыла са сваім мужам праз тэлефон.
Учора на прэс-канферэнцыі Лукашэнка ўзгадаў свайго палітычнага апанента, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалая Статкевіча, які да гэтага часу сядзіць у турме. Сёння палітвязень тэлефанаваў сваёй жонцы Марыне Адамовіч і, з яе слоў, «толькі рагатаў». На пытанне charter97.org, з чаго так смяяўся яе муж, адказала:
«Так з усяго смяецца! У яго вельмі добры настрой, добрая моцная энэргетыка. Вядома, прынамсі ён смяецца і з таго, што яму паведамілі пра тое, як Лукашэнка яго згадваў. Мікалай, як гэта ні дзіўна, у курсе не быў. Я думала, іх там пасадзяць усёй зонай слухаць выступ... Ён на гэта нічога не сказаў, проста зарагатаў.
Цяпер яго перавялі ў атрад. У атрадзе, жартуе ён, ёсць прыдворны. Баяцца, каб ён не патрапіў у грамадства астатніх зняволеных. Ён ізаляваны, знаходзіцца ў адным памяшканні са са штабам, і, безумоўна, у ім максімальна абмяжоўваюць кантакты Мікалая з астатнімі. Затое, кажа, што атрад - узорна-паказальны, свежы, пасля рамонту. Вядома, вельмі моцны кантраст», - распавяла яна.
Нагадаем, учора Лукашэнка некалькі разоў паўтарыў, што Статкевіч для яго - не палітык, і нават пакляўся сваімі дзецьмі. Жонка палітвязня сказала, што абмяркоўваць тут няма чаго - усё відавочна наадварот.
У траўні 2011 года суд Ленінскага раёна Менска прыгаварыў Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Першапачаткова апазіцыйны палітык утрымліваўся ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012 года яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання, перавёўшы на тры гады ў магілёўскую турму №4. Гэты тэрмін скончыўся 12 студзеня.
58-гадовы Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні.