BE RU EN

Цана на нафту Brent упала да $52,7

  • 5.01.2015, 20:22

Сусветныя цэны на нафту маркі Brent падчас таргоў на лонданскай біржы панізіліся за дзень больш чым на $3,5.

Калі раніцай за барэль паўночнаморскай нафты давалі больш за $56, то да вечара цэны ўпалі ніжэй за $53. Гэта новы рэкордны мінімум з вясны 2009 года, паведамляе РБК.

Кошты на нафту на сусветных рынках у панядзелак, 5 студзеня, упалі больш чым на $3,5. Кошт лютаўскіх ф'ючэрсаў на паўночнаморскую нафту маркі Brent да вечара падчас таргоў на лонданскай біржы ICE апускаўся да $52,70, у той час як у пачатку гандлёвай сесіі за барэль нафты гэтай маркі давалі $56,28.

З пачатку таргоў кошт нафты Brent упаў больш чым на 6%.

Падчас таргоў на нью-ёркскай біржы нафта маркі WTI таксама абнавіла рэкордны мінімум з красавіка 2009 года. Цэны на нафту гэтай маркі ўпалі больш чым на 5%, апусціўшыся ніжэй за $50 за барэль.

Bloomberg заўважае, што сусветныя цэны падаюць на фоне боязі, што прапанова нафты ў свеце значна апярэджвае попыт. Напярэдадні міністэрства энергетыкі Ірака абвясціла аб намеры павялічыць экспарт нафты ў 2015 годзе. Нядаўняя справаздача Мінэнерга РФ абвяшчае, што ў мінулым годзе здабыча нафты ў Расеі дасягнула самага высокага ўзроўню за ўсю постсавецкую гісторыю.

Услед за імклівым падзеннем коштаў на нафту, на Маскоўскай біржы прадаўжаецца паслабленне расейскага рубля. Паводле звестак на 20:00, курс даляра перавысіў адзнаку 60 руб. У агульнай складанасці на працягу сённяшняй першай у гэтым годзе гандлёвай сесіі расейская валюта страціла ў адносінах да даляра больш за 4 руб. у параўнанні з закрыццём папярэдніх таргоў, якія праводзілі 30 снежня мінулага года.

Еўра таксама сёння ўмацаваўся, аднак крыху менш значна за даляр. Еўрапейская валюта падаражэла сёння падчас таргоў на Маскоўскай біржы больш, чым на 2,5 руб.

Апошнія навіны