BE RU EN

АГП вылучае ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча

  • 6.01.2015, 17:56

Партыя пачала фармаванне ініцыятыўнай групы ў вылучэнні палітвязня кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года.

Пра гэта паведаміў лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 6 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.

Са слоў Лябедзькі, у ініцыятыўную групу акрамя яго ўвайшлі Станіслаў Багданкевіч, Леў Марголін, Антаніна Кавалёва, Віктар Карняенка, Юры Хашчавацкі, Гары Паганяйла, Зінаіда Бандарэнка і іншыя. «Гэта некалькі дзясяткаў віп-персон, якія сваім прыкладам спрабуюць прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў у Беларусі», - сказаў Лябедзька.

Палітык адзначыў, што будзе створаная «хутчэй група салідарнасці з палітвязнямі, бо да збору подпісаў за вылучэнне справа, мабыць, не дойдзе». «Але мы спадзяемся, што стварэнне ініцыятыўнай групы і яе дзеянні наблізяць вызваленне Мікалая Статкевіча», - сказаў ён.

Неабходна адзначыць, што кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 плануе вылучацца і сам Лябедзька.

Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011 года суд Ленінскага раёна Менска прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010-га. Цяпер палітык адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4. Яму неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але Статкевіч катэгарычна адмаўляўся гэта зрабіць.

Апошнія навіны