Гульня ў фінансавую піраміду
- 7.01.2015, 9:07
Беларусаў чакаюць цяжкія часы.
Цяпер, калі прайшоў пэўны час, як можна ацаніць пастанову ўладаў перад Новым годам аб «урэгуляванні» валютнага крызісу? Наколькі ўдалым яно было? Якія мэты ставіліся і дасягнуты яны? Чаму было б не зрабіць нармальную дэвальвацыю на 30% і не заблытваць ўсіх?
На гэтыя пытанні «Радыё Свабода» адказвалі эканаміст Леанід Злотнікаў і дырэктар даследчага цэнтра Інстытута прадпрымальніцтва і менеджменту Аляксандр Чубрык.
«Па-першае, улады ў спешным парадку імкнуліся спыніць паніку, узніклую вакол валюты. Па-другое, такая заблытаная схема была накіраваная на тое, каб не ўжываць слова «дэвальвацыя». Бо Лукашэнка абяцаў, што дэвальвацыі не будзе», - мяркуе Леанід Злотнікаў.
«Думаю, простых шляхоў на той момант не існавала. Абвяшчэнне дэвальвацыі на 30% не збіла б паніку на валютным рынку. Таму ўлады проста фактычна паралізавалі валютны рынак», - упэўнены Аляксандр Чубрык.
Тым не менш, стратэгічныя праблемы беларускай эканомікі так і не былі развязаныя. Ці атрымалася схаваць ад насельніцтва фактычную дэвальвацыю?
«Хто сачыў за валютным рынкам, то заўважыў, што дэвальвацыя адбылася пад іншай назвай», - мяркуе Злотнікаў.
«Паказваць немагчыма, як ты гэта ні называй», - кажа Чубрык.
На пытанне, якія эканамічныя і сацыяльна-палітычныя наступствы тых пастаноў, якія былі прынятыя ўладамі апошнім часам, Леанід Злотнікаў адказаў:
«Хоць дэвальвацыя адбылася фактычна на 30%, але яна недастатковая. Бо ў Расеі дэвальвацыя адбылася на 50%. Ёсць і ўнутраныя прычыны дэвальвацыі. За апошнія 2,5 года рэальны заробак ў Беларусі павысіўся на 36%, а валавы ўнутраны прадукт - на 1-2%. Мы спажываем больш, чым ствараем. Таму дэвальвацыя будзе доўжыцца».
На думку Чубрыка, эканамічныя наступствы гэтых пастаноў уладаў вельмі адмоўныя для ўсіх эканамічных агентаў.
«Страцілі экспарцёры, так як павінны купляць валюту на біржы па больш высокім кошце, чым прадаваць. Імпарцёры вымушаныя купляць валюту на 30% даражэй, а павышаць кошты на ўнутраным рынку ім забаронена.
Больш важная праблема эканомікі складаецца ў тым, што буйныя беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы ў вялікай ступені страцілі расейскі рынак. У такіх умовах пачнецца скарачэнне працоўных месцаў і фіксацыя заробкаў у беларускіх рублях на цяперашнім узроўні», - кажа эканаміст.
На думку Леаніда Злотнікава, «падвышэнне ставак па рублёвых дэпазітаў да 50% - гэта часовая мера, на 1-1,5 месяца».
«Бо гэта гульня ў фінансавую піраміду. Згодны, што нашы праблемы палягаюць у рэальным сектары, а не ў манетарнай палітыцы. Нас чакае цяжкі час», - упэўнены эксперт.