Беларускія журналісты прынеслі кветкі да амбасады Францыі
- 8.01.2015, 16:30
Журналісты выказалі глыбокія спачуванні з нагоды тэракту ў часопісе Charlie Hebdo.
У час сустрэчы, якая прайшла сёння ў пасольстве Францыі ў Менску, яны яшчэ раз падкрэслілі недапушчальнасць любых нападаў на журналістаў, асабліва ў мірны час у мірнай краіне. Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў.
- Калі нашы калегі накіроўваюцца ў тую ці іншую «гарачую кропку», кожны з іх усведамляе ўзровень рызыкі. Але немагчыма зразумець сітуацыю, калі забойствы журналістаў адбываюцца ў мірнай абстаноўцы. Гэта жахліва, і ніякага апраўдання дзеянням тэрарыстаў быць не можа, - адзначыла падчас сустрэчы старшыня БАЖ Жанна Літвіна.
- Часопіс Charlie Hebdo з'яўляецца сапраўднай апорай свабоды слова ў Францыі, бо актыўна і адкрыта крытыкуе прадстаўнікоў любых сфер грамадскага і палітычнага жыцця. На нашу думку, менавіта такімі - свабоднымі і адкрытымі - павінны быць сродкі масавай інфармацыі ў Францыі і наогул ва ўсім свеце. Трагедыя, якая адбылася 7 студзеня, закранула ўвесь французскі народ. Менавіта таму мы мяркуем, што ўчора ў цэнтры Парыжа мы атрымалі 12 забітых і 66 мільёнаў параненых, - заявіла на сустрэчы першая дарадца пасла Францыі ў Беларусі Эльза Піньель.
У сваю чаргу, сябры БАЖ падкрэслілі, што ўчорашняя трагедыя не пакінула абыякавымі і ўсіх беларускіх журналістаў, якім, на жаль, знаёмыя выпадкі забойства журналістаў у мірны час у сваёй краіне. Яны ўсклалі кветкі і запалілі свечкі на ганку амбасады, а таксама пакінулі запісы ў кнізе спачуванняў, якая з сённяшняга дня знаходзіцца ў бібліятэцы дыпламатычнага прадстаўніцтва (плошча Свабоды, 11).