BE RU EN

Назіральнікі АБСЕ: Падлік галасоў быў несумленным

  • 12.10.2015, 14:20

«Прэзідэнцкія выбары» паказалі, што Беларусі яшчэ трэба будзе прайсці значны шлях для выканання абавязанняў АБСЕ.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы назіральнай місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, якая пададзеная сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.

«Гэта падкрэслівае неабходнасць палітычнай волі для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформаў», - падкрэсліваецца ў дакладзе.

Назіральнікі БДІПЧ АБСЕ паказалі на некаторыя паляпшэнні і «ветлівае стаўленне» да місіі. Але «значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і падсумавання вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў», адзначаецца ў дакладзе.

Пры гэтым падкрэсліваецца, што выбарчая кампанія і дзень выбараў праходзілі мірна.

«Гэта відавочна, што перад Беларуссю доўгі шлях, каб выканаць усе дэмакратычныя абавязанні, - сказаў спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, намеснік старшыні ПА АБСЕ Кент Харстэд. - Вызваленне палітвязняў і добры падыход да назіральнікаў з'яўляюцца пазітыўнымі момантамі . Аднак тая надзея, якую нам гэта дало, не спраўдзілася. Улічваючы папярэднія абяцанні, я асабліва расчараваны недахопамі падчас падліку і падсумавання галасоў. Мы спадзяемся, што беларускі ўрад праявіць палітычную волю для паўнавартаснага працэсу рэформ, у чым мы гатовыя аказаць падтрымку».

У справаздачы адзначаецца, што ўсе кандыдаты змаглі правесці агітацыйныя кампаніі ва ўсёй краіне і данесці свае пасланні без перашкод. Выбарчая кампанія «была сціплай, але стала больш актыўнай ў апошнія два тыдні».

У той жа час адзначаецца, што толькі адзін кандыдат, чыя перадвыбарная платформа была сканцэнтраваная на сацыяльна-эканамічных пытаннях, быў «адкрыта крытычна настроены ў дачыненні да дзейнага прэзідэнта». Гэта абмяжоўвала выбар выбаршчыкаў, гаворыцца ў справаздачы.

«Выбарчы працэс у дзень галасавання быў ацэнены пазітыўна на 95% выбарчых участках, дзе праводзілася назіранне, але вялікай колькасці назіральнікаў не дазволілі праверыць спісы выбаршчыкаў, а ідэнтычныя на выгляд подпісы зафіксаваныя на 47 участках», - гаворыцца ў справаздачы.

«Працэс падліку галасоў быў ацэнены адмоўна на 30% выбарчых участкаў, дзе праводзілася назіранне, што паказвае на значныя праблемы. Працэс сумавання вынікаў галасавання быў ацэнены як негатыўны і пазбаўлены празрыстасці на 25% выбарчых участкаў, дзе былі назіральнікі», - адзначаюць назіральнікі БДІПЧ АБСЕ.

Апошнія навіны