Апазіцыя прапануе ЕЗ пакінуць санкцыі супраць Лукашэнкі да верасня 2016 года
- 23.10.2015, 17:42
Крытэрыем для зняцця санкцый павінны стаць парламенцкія выбары.
Лідары апазіцыйных партый - Анатоль Лябедзька, Аляксандр Мілінкевіч, Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец - параілі кіраўніцтву Еўрапейскай народнай партыі не спяшацца са скасаваннем санкцый супраць беларускіх уладаў. Крытэрыем для зняцця абмежавальных захадаў павінны стаць парламенцкія выбары, якія запланаваныя на верасень 2016 года, паведамляе «Радыё Свабода».
Пра гэта заявіў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, якія сёння прыляцеў у Менск з Мадрыда.
«Першае і самае галоўнае - гэта да канца года прыняць палітычную пастанову, праявіць палітычную волю і ўнесці змены ў выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку, каб вярнуць беларусам права на свабодныя і справядлівыя выбары. Гэта найбольш актуальна.
Другі пункт - гэта пашырэнне прасторы свабоды. І тут найбольш лагічным нам уяўляецца рэальны перамоўны працэс паміж прыхільнікамі пераменаў і ўладай. Гэта размарожванне, рэанімацыя той пляцоўкі, якая ў свой час была створаная Гансам-Георгам Вікам.
І трэцяе - правядзенне самой выбарчай кампаніі.
Калі ўсе тры гэтыя крокі будуць зробленыя, то тады можна ставіць пытанне аб зняцці санкцый. За выключэннем тых, хто наўпрост абвінавачваецца ў выкраданні і забойстве палітыкаў і журналістаў», - сказаў ён.
Анатоль Лябедзька паведаміў, што ў кулуарах мадрыдскага кангрэса ён пачуў інфармацыю, што санкцыі Еўразвязу будуць прыпыненыя. Чакаецца, што працэдура прыняцця гэтай пастановы на ўзроўні паслоў пройдзе 29 кастрычніка, а 31 кастрычніка пастанова ўвойдзе ў дзеянне. Яна будзе дзейнічаць цягам чатырох месяцаў, да канца лютага. Аднак чацвёра цяперашніх і былых чыноўнікаў застануцца ў «чорным спісе». Гэта Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў, Уладзімір Навумаў і Дзмітрый Паўлічэнка.
«Мне здаецца лагічным зняцце санкцый толькі пасля выканання ўсіх трох пунктаў дарожнай мапы, а не наадварот. Трэба пераканацца, што ўсё мае незваротны характар. Я размаўляў з Дональдам Тускам - галоўным чалавекам у Еўрапейскім Звязе. Казаў яму, што трэба быць вельмі асцярожным ў пытанні санкцый. Еўразвяз ужо неаднаразова ў стасунках з Беларуссю наступаў на адны і тыя ж граблі. І таму іх скасаванне трэба абавязкова прывязваць да «дарожнай мапы», - адзначае старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якая мае ў Еўрапейскай народнай партыі статус «спецыяльна запрошанага».
Санкцыі ЕЗ у дачыненні да Беларусі ўключаюць у сябе «чорны спіс» прыблізна з 150 чалавек, сярод якіх і Аляксандр Лукашэнка. Гэтым асобам забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвязу, іх фінансавыя актывы ў еўрапейскіх банках падлягаюць замарожванню. Санкцыі таксама прадугледжваюць эмбарга на зброю і забараняюць пастаўляць у Беларусь паліцэйскае абсталяванне і тэхніку падвойнага прызначэння, якая можа быць выкарыстаная для «ўнутраных рэпрэсій».