BE RU EN

ЕЗ пастанавіў «замарозіць» на чатыры месяцы санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

  • 29.10.2015, 17:10

29 кастрычніка Еўразвяз прыняў пастанову прыпыніць на чатыры месяцы санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Брусэлі.

Пастанова ўвойдзе ў дзеянне пасля публікацыі ў афіцыйным выданні Еўразвяза 30 кастрычніка.

Санкцыі прыпынілі ў дачыненні да 171 з 175 чалавек і ўсіх 14 кампаній з так званага «чорнага спісу» Еўразвязу.

Чатыры асобы, супраць якіх санкцыі застаюцца ў дзеянні, гэта тыя, каго Брусэль падазрае ў датычнасці да знікнення былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага.

Гаворка ідзе пра былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Уладзіміра Навумава, былога кіраўніку адміністрацыі Лукашэнкі Віктара Шэймана, былога камандзіра брыгады спецыяльнага прызначэння Дзмітрыя Паўлічэнкі і былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Сівакова. Пастанова аб забароне на ўезд гэтых асобаў у краіны Еўразвязу была прынятая 24 верасня 2004 г на падставе рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы паводле справаздачы кіпрскага дэпутата Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычна матываваных знікненьнях людзей у Беларусі.

Нагадаем, урад Беларусі не выканаў ніякіх рэкамендацый міжнародных арганізацый, якія тычацца правоў чалавека і вяршэнства закона, становішча з якімі толькі пагоршылася пасля жорсткіх дзеянняў уладаў зімой 2010 - увесну 2011 гадоў. Сітуацыя ў Беларусі перарасла ў зацяжны крызіс, дзе парушэнні правоў чалавека носяць «сістэмны і сістэматычны» характар, з вызначэння Спецыяльнага дакладчыка ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта выкліканае прыняццем шэрагу рэпрэсіўных законаў і ўжываннем усё больш рэпрэсіўных захадаў, якія руйнуюць асноўныя свабоды.

Не былі расследаваныя жорсткія дзеянні ўладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, уключаючы паліцэйскі гвалт у дачыненні да дэманстрантаў, затрыманне больш як 700 чалавек, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з затрыманымі, несправядлівыя суды, у выніку якіх было асуджана больш за 40 чалавек, прызнаных палітычнымі вязнямі.

Урад Беларусі адмаўляецца ад супрацоўніцтва з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі ў найбольш важных пытаннях правоў чалавека і не прызнае мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Ніводзін былы палітычны зняволены не быў рэабілітаваны.

Апошнія навіны