Нерыюс Малюкявічус: «Выбары» ў Беларусі - спектакль, за якім нецікава назіраць
- 3.10.2015, 14:01
Так званыя «выбары» ў Беларусі для літоўскай палітычнай эліты не актуальныя.
Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў літоўскі палітолаг, выкладчык Інстытута міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта Нерыюс Малюкявічус. З яго слоў, так званыя «выбары» ў Беларусі для літоўскай палітычнай эліты не актуальныя.
- У Беларусі набліжаецца дата, пазначаная як дзень «выбараў». Наколькі яна важная для Літвы і літоўскага палітычнага жыцця?
- Выбары ў суседняй дзяржаве ў палітычным кантэксце - важная падзея. Але трэба з горыччу канстатаваць: маючы досвед таго, што «выбары» ў Беларусі амаль нічога не вызначаюць, а таксама таго, як грамадзянская грамадства рэагавала раней на такія маніпуляцыі, гэта падзея не вельмі актуальная.
- Наогул для літоўскай эліты Беларусь цяпер цікавая?
- Аб'ектыўна кажучы, ужо некаторы час можна назіраць своеасаблівую стомленасць ад Беларусі. З гэтым звязана і меншая ўвага да яе наогул. Увага цяпер, вядома, прыкаваная да Украіны, глабальным геапалітычным працэсам. У Беларусі ж - прадказальна стабільная ў сэнсе палітычнага рэжыму сітуацыя.
- Але побач жа ёсць такія рэчы як Астравецкая атамная станцыя, апошнія навіны аб вайсковай базе ў Беларусі - гэта ж на мяжы з Літвой...
- Я і кажу, што гэтая своеасаблівая стомленасць нясе ў сабе вельмі канкрэтныя рызыкі, калі ўжо не рэагуеш на сапраўды важныя рэчы, якія адбываюцца ў Беларусі. І я згодны, што вайсковы саюз з Расеяй павінен быць у нас у прыярытэце ўвагі. Атамныя праекты таксама. Але гутарку мы пачалі з «выбараў», дык я б сказаў, што гэта спектакль, за якім таксама цікава назіраць.
- Што вы можаце сказаць аб вайсковай базе ў Беларусі? Колькі б ні было кіламетраў - мяжа з Літвой побач...
- Вайсковай экспертызай я не займаюся. Але, вядома, гэта насцярожвае, калі бачыш як выкарыстоўваецца вайсковы патэнцыял для сваіх інтарэсаў і геапалітычных мэтаў. Усюды, дзе мы можам назіраць расейскія вайсковыя базы і ініцыятывы - гэта нас павінна насцярожваць.
- Атрымліваецца, што маючы такога суседа як Беларусь, Літва мае такога суседа як Уладзімір Пуцін?
- Так, гэта правільная рэмарка. У публічнай крытыцы Лукашэнкі мы можам назіраць яго палітычнае шоў, уключаючы яго сына ў крэсле на пасяджэнні ААН і т. д. Але рэальныя вайсковыя рычагі - у руках Пуціна і трэба ўсведамляць, што мы маем у суседзях і Пуціна таксама. Гэта значыць не толькі на захадзе, дзе Калінінградская вобласць, але і на ўсходзе, дзе павінна быць дзяржава Беларусі і яго інтарэсы. Тут пуцінскі ўплыў вельмі відавочны.