BE RU EN

Начальнік штаба войска ЗША заклікаў узмацніць вайсковую прысутнасць у Еўропе

  • 30.10.2015, 11:28

ЗША павінны павялічыць колькасць войскаў, што накіроўваюцца ў Еўропу, і колькасць узбраення, заявіў начальнік штаба амерыканскага войска Марк Мілі.

З ягоных слоў, такія захады патрэбныя, каб супрацьстаяць расейскай пагрозе.

Новы начальнік штаба войска ЗША генерал Марк Мілі намагае на павелічэнні колькасці амерыканскіх вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі ў Еўропе, піша The Times са спасылкай на заявы, зробленыя Мілі падчас візіту ў Нямеччыну.

На думку амерыканскага генерала, гэтыя захады патрэбныя, каб утрымаць Расею ад якіх-небудзь наступальных вайсковых аперацый. Мілі падкрэсліў, што Маскву трэба пазбавіць ад думак аб пашырэнні агрэсіі, адзначае The Times.

Генерал даручыў правесці маштабную праверку амерыканскага кантынгенту ў Еўропе, каб падаць свае высновы міністру абароны ЗША Эштан Картэру для наступнага абмеркавання ў Белым доме, піша РБК.

Мілі заявіў, што, ацэньваючы маштаб амерыканскіх сіл у Еўропе, будзе ўлічваць у тым ліку новую вайсковую дактрыну Масквы. Падкрэсліваючы, што ён не намагае на вяртанні да часоў халоднай вайны, калі блізу 300 тысяч амерыканскіх жаўнераў знаходзіліся ў Еўропе, генерал Мілі заявіў, што скарачэнне кантынгенту зайшло занадта далёка, і цяпер павінна быць скасаванае.

Раней Мілі называў Расею галоўнай пагрозай для Злучаных Штатаў, бо толькі Расея «валодае магчымасцямі для знішчэння ЗША». Пра пагрозу з боку Расеі Мілі заявіў, выступаючы перад камітэтам узброеных сіл Сенату ЗША, паведамляе Reuters. На думку Мілі, пагроза з боку Расеі з'яўляецца найбольш сур'ёзнай ў сувязі з тым, што Масква валодае ядзернай зброяй, а таксама ў сувязі з расейскай «агрэсіўнай палітыкай» у апошнія гады.

Асноўнай пагрозай для ЗША Расею называлі таксама кандыдат на пасаду кіраўніка Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генерал Джозэф Данфорд і міністр ВПС ЗША Дэбора Джэймс.

Улетку сёлета стала вядома, што ЗША пачнуць размяшчаць на польскіх базах цяжкія ўзбраенні з сярэдзіны 2016 года.

Агенцтва Reuters тады адзначала, што ў выпадку дасягнення дамоўленасці аб размяшчэнні ўзбраення гэта стане першым выпадкам перакідання амерыканскай вайсковай тэхнікі для складавання на пастаяннай аснове ў краіны былой Варшаўскай дамовы.

Намер размясціць амерыканскае цяжкае ўзбраення ва Усходняй Еўропе пацвердзіў у чэрвені міністр абароны ЗША Эштан Картэр. Ён заявіў, што тэхніка будзе размешчаная ў Польшчы, Балгарыі, Румыніі, Эстоніі, Літве, Латвіі і, магчыма, у Вугоршчыне.

Паводле звестак Reuters, мяркуецца пераправіць ва Усходнюю Еўропу тэхніку, дастатковую для ўзбраення кантынгенту ў 5 тысяч чалавек, у тым ліку 250 танкаў, баявых машын пяхоты Bradley і самаходныя гаўбіцы.

Апошнія навіны