Мікалай Статкевіч: Расейская авіябаза ў Беларусі скіраваная супраць Кіева
- 5.10.2015, 8:11
Расейская авіябаза створыць новыя пагрозы для бяспекі Беларусі.
Пра гэта заявіў былы кандыдат у прэзідэнты і палітвязень Мікалай Статкевіч падчас учорашняй акцыі на плошчы Свабоды ў Менску, паведамляе «Радыё Свабода».
«Зразумела, што гэта вайсковая авіябаза прызначана супраць Кіева. Мы ж не хочам, каб з нашай зямлі зыходзіла небяспека для братняга ўкраінскага народа. Нават калі яна зыходзіць таксама ад нашага суседняга братняга народа. Нам гэта не трэба», - сказаў ён.
Палітык адзначыў, што беларусы становяцца закладнікамі ўладаў.
«Дыктатура штурхае нас да глабальнай вайны і робіць нас мішэнню дзеля нейкіх мэтаў. Каб год ці два пасядзець у сваім крэсле Лукашэнка робіць нас магчымай ахвярай нават ядзерных удараў. Лукашэнка - гэта вайна», - заявіў Мікалай Статкевіч.
Нагадаем, 4 кастрычніка на плошчы Свабоды ў Менску адбылася акцыя супраць расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі.