BE RU EN

Еўразвяз заклікалі захаваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

  • 6.10.2015, 12:25

Мікалай Статкевіч, Алесь Бяляцкі і Андрэй Саннікаў звярнуліся да лідараў Еўразвязу.

Трое вядомых былых беларускіх палітвязняў - праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, і кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў накіравалі адкрыты ліст лідарам Еўразвязу з заклікам захаваць санкцыі ў дачыненні да беларускіх афіцыйных асоб і юрыдычных асоб у поўным аб'ёме.

Усе трое прайшлі праз адвольныя затрыманні, несправядлівыя суды і катаванні падчас следства і ў месцах зняволення. Іх, як і астатніх палітвязняў, беларускія ўлады вызвалілі толькі дзякуючы міжнароднаму ціску, але не аднавілі ў правах. У сваім лісце на імя Вярхоўнай прадстаўніцы ЕЗ у замежных справах і палітыкі бяспекі Федэрыкі Магерыні і міністраў замежных спраў усіх краін-сябраў ЕЗ Бяляцкі, Статкевіч і Саннікаў заклікалі не скасоўваць і не прыпыняць санкцыі да выканання ўсіх умоў ЕЗ, уключаючы рэабілітацыю ўсіх былых палітвязняў і значнае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека.

«Мы настойліва заклікаем Раду ЕЗ устрымацца ад прыпынення або зняцця кропкавых абмежавальных мер у дачыненні да беларускіх афіцыйных і юрыдычных асоб датуль, пакуль не будуць выкананыя ўсе ўмовы, якія змяшчаюцца ў пастановах Рады. Гэтыя ўмовы, якія былі ясна пазначаныя ў 2011 годзе і паўтораныя ў 2012, 2013 і 2014 гадах, заключаюцца ў наступным: «неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных і значныя паляпшэнні ў галіне павагі правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратычных прынцыпаў». Акрамя вызвалення палітычных зняволеных, іншыя ўмовы не выкананыя», - гаворыцца ў лісце.

Не былі расследаваныя жорсткія дзеянні ўладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, уключаючы паліцэйскі гвалт у дачыненні да дэманстрантаў, затрыманне больш за 700 чалавек, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з затрыманымі, несправядлівыя суды, у выніку якіх было асуджана больш за 40 чалавек, прызнаных палітычнымі вязьнямі.

Урад Беларусі не выканаў ніякіх рэкамендацый міжнародных арганізацый, якія тычацца правоў чалавека і вяршэнства закона, становішча з якімі толькі пагоршылася пасля жорсткіх дзеянняў уладаў зімой 2010 - увесну 2011 гадоў. Сітуацыя ў Беларусі перарасла ў зацяжны крызіс, дзе парушэнні правоў чалавека носяць «сістэмны і сістэматычны» характар, на вызначэнне Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта выклікана прыняццем шэрагу рэпрэсіўных законаў і прымяненнем усё больш рэпрэсіўных мер, якія руйнуюць асноўныя свабоды.

Урад Беларусі адмаўляецца ад супрацоўніцтва з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі ў найбольш важных пытаннях правоў чалавека і не прызнае мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Ніводны былы палітычны зняволены не быў рэабілітаваны.

Калі будзе прынятая пастанова аб частковым або поўным прыпыненні санкцый, гэта будзе азначаць, што Еўразвяз фактычна ўхваляе беспакаранасць і рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі. Без рашучых патрабаванняў з боку міжнароднай супольнасці ў змяненні заканадаўства і прыняцця іншых мер, умовы для працягу рэжымам практыкі «гандлю закладнікамі» захаваюцца, гаворыцца ў лісце былых палітычных зняволеных.

Апошнія навіны