Даследаванне: каты «кіруюць» дамамі сваіх уладальнікаў
- 8.10.2015, 14:37
У ЗША праведзенае даследаванне, паводле якога каты «кіруюць» дамамі сваіх уладальнікаў.
Пра гэта паведамляе The Huffington Post са спасылкай на апытанне Houzz, у якім узялі ўдзел больш за 3,1 тысячы гаспадароў хатніх жывёлін, паведамляе gazeta.ru.
Высветлілася, што ў 53% уладальнікаў котак гадаванцы спяць у іх ложках. Яшчэ 73% заявілі, што ў іх котак «поўная свабода дзеянняў» у дачыненні да мэблі. «Вы жывяце ў доме вашага ката, і няма нічога, што б вы маглі зрабіць з гэтай нагоды», - піша выданне.
Таксама высветлілася, што ў 41% уладальнікаў сабак гадаванцы «камандуюць» спальнай прасторай, ў 48% яны могуць залазіць на канапу і іншую мэблю.
За апошнія два гады 22% гаспадароў сабак патрацілі больш за $1 тысячу на цацкі і іншыя тавары для дома дзеля сваіх гадаванцаў. Сярод уладальнікаў котак такіх выявілася 14%.
Са слоў 35% рэспандэнтаў, перад тым як завесці хатнюю жывёліну, яны перарабілі сваё жыллё. Адны пераставілі мэблю, іншыя абнавілі пакрыццё для падлогі, трэція змянілі ландшафт двара.
90% удзельнікаў даследавання паведамілі, што гадаванцы робяць іх шчаслівымі.