BE RU EN

Расея спрабуе заблакаваць крэдыты МВФ для Украіны

  • 11.11.2015, 11:03

Расея вывучае магчымасці для блакавання далейшага крэдытавання Украіны Міжнародным валютным фондам у выпадку дэфолту Кіева ў запазычанасці перад Масквой.

Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы.

Правілы, якія дзейнічаюць у МВФ забараняюць крэдытаванне краін, якія маюць невыплачаную запазычанасць перад афіцыйнымі крэдыторамі. Аднак фонд мае намер у найбліжэйшы час змяніць гэтыя правілы, што павінна зняць магчымыя фармальныя перашкоды да працягу крэдытавання Украіны, нават калі Кіеў не пагасіць ў снежні свае абавязанні перад Масквой.

Між іншым, па прапанаваным новым парадку, краіна-пазычальнік, нават знаходзячыся ў дэфолце, будзе мець магчымасць працягваць атрымліваць грошы МВФ, калі паводзіць сябе добрасумленна і працягвае канструктыўныя перамовы з краінай-крэдыторам з мэтай пошуку ўзаемапрымальнай пастановы.

Расея можа аспрэчыць гатоўнасць Украіны да канструктыўных перамоваў, сказалі крыніцы агенцтва.

Краіны-пазычальнікі, зыходзячы з агульнага набору правілаў, павінны таксама паказаць МВФ, каб атрымліваць крэдыты, што іх пазыковая нагрузка з'яўляецца ўстойлівай. Масква ж можа адмовіцца пацвердзіць, што Украіна ў прынцыпе здольная абслугоўваць запазычанасць перад Расеяй.

Масква, сказала крыніца агенцтва, пакуль не прыняла пастановы ў дачыненні да стратэгіі сваіх дзеянняў па гэтым пытанні ў МВФ.

ЗША і іншыя заходнія краіны, маючы большасць у МВФ, у любым выпадку могуць правесці патрэбную ім пастанову праз выканаўчую раду.

Намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак сказаў у аўторак, што пачатак судовых разглядаў, калі не будзе выплачаная запазычанасць Украіны перад Расеяй на $3 млрд., можа стварыць складанасці пры вяртанні Украіны на глабальныя фінансавыя рынкі, чаго Расея хацела б пазбегнуць. «Мы хочам усё-ткі развязаць пытанне без вялікіх наступстваў для Украіны як патэнцыйнага пазычальніка на фінансавых рынках. Ім жа не ўсё жыццё абапірацца на крэдыты міжнародных фінансавых арганізацый», - сказаў ён.

Адказваючы на пытанне, ці могуць быць разгледжаныя альтэрнатыўныя варыянты пагашэння запазычанасці, Сторчак адзначыў: «Пакуль альтэрнатыва - альбо суд, альбо выплата (поўная выплата бондаў ва ўстаноўлены тэрмін 20 снежня - ІФ)».

Выканаўчы савет разгледзіць пытанне змены палітыкі крэдытавання (Lending-into-Arrears Policy) краін-сябраў Фонду, якія маюць запазычанасць перад афіцыйным крэдыторам, ужо 23 лістапада, паведаміў намеснік міністра фінансаў Украіны Арцём Шэвалье агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» на мінулым тыдні. «У выпадку змены палітыкі крэдытавання МВФ, якая прадугледжвае крэдытаванне пры наяўнасці афіцыйнай запазычанасці, праграма МВФ ва Украіне можа працягвацца па-за залежнасці ад развіцця сітуацыі з «расейскай» запазычанасцю», - сказаў ён.

Украіна рэструктурызавала нядаўна усе выпускі сваіх еўрааблігацый, акрамя «расейскіх», выпушчаных на суму $3 млрд. Расея не брала ўдзелу ў рэструктурызацыі, намагаючы на выплаце гэтых аблігацый у тэрмін - гэта значыць 20 снежня 2015. Масква мяркуе, што не з'яўляецца камерцыйным крэдыторам і таму яна не можа браць удзелу ў рэструктурызацыі.

МВФ афіцыйна пакуль не заяўляў, ці уважае ён запазычанасць Украіны перад Расеяй камерцыйнай або афіцыйнай, і, адпаведна, ці можа дэфолт па ёй, калі правілы фонду змененыя не будуць, прывесці да замарожвання дзейнай праграмы крэдытавання Украіны.

Апошнія навіны