У Беларусі могуць «замарозіць» банкаўскія ўклады
- 12.11.2015, 8:40
Першы крок да гэтага ўжо зроблены.
Аляксандр Лукашэнка 11 лістапада падпісаў дэкрэт «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)», тэкст яго пакуль не апублікаваны, але крыніцы ў банкаўскай сферы паведамляюць, што адно з новаўвядзенняў дакумента - увядзенне падаходнага падатку на некаторыя дэпазіты для фізічных асоб.
Нацыянальны Банк Беларусі 12 лістапада запрасіў журналістаў на прэс-канферэнцыю з удзелам першага намесніка старшыні праўлення НБРБ Тараса Надольнага.
«Мяркуецца, што з 1 красавіка 2016 г. будзе ўведзены падаходны падатак на рублёвыя дэпазіты фізічных асоб тэрмінам менш за год і валютныя - на тэрмін менш за два гады», - паведаміла Sputnik крыніца ў банкаўскай сферы.
З яе слоў, яшчэ адна навіна: банкі будуць прапаноўваць кліентам так званыя адзыўныя і безадзыўныя дэпазіты, пры гэтым у апошніх стаўкі будуць больш высокімі, але грошы нельга будзе зняць раней тэрміну заканчэння дэпазітнай дамовы.
Крыніца ў банкаўскай сферы ўдакладніла, што палажэнні дэкрэта, як мяркуецца, не будуць распаўсюджвацца на ўжо адкрытыя дэпазіты фізічных асоб.
Суразмоўцы агенцтва таксама адзначылі, што агулам дэкрэт накіраваны на тое, каб зрабіць нявыгаднымі для ўкладчыкаў кароткія дэпазіты. Яны патлумачылі, што эканоміка Беларусі мае патрэбу ў грашовых рэсурсах, таму дзяржава зацікаўленая ў тым, каб грошы фізічных асоб, размешчаныя на дэпазітных рахунках як мага даўжэй працавалі на эканоміку.