BE RU EN

Зацверджаны склад расейскай авіябазы ў Бабруйску

  • 24.11.2015, 16:27

Расейскае авіяпадраздзяленне згодна з праектам стварэння расейскай авіябазы ў Бабруйску будзе складацца з 12 баявых самалётаў і чатырох верталётаў.

Расейскае авіяпадраздзяленне згодна з праектам стварэння расейскай авіябазы ў Бабруйску будзе складацца з 12 баявых самалётаў і чатырох верталётаў, паведаміў начальнік аператыўнай управы галоўкамата Паветрана-касмічных сіл Расеі Аляксандр Ляпкін, піша РІА «Новости».

«На аэрадроме «Бабруйск» плануецца змяшчаць адну авіяцыйную эскадрыллю знішчальнікаў (12 баявых самалётаў) і верталётнае звяно (4 транспартна-баявыя верталёты «Мі-8»)», - сказаў генерал.

Паводле ягоных слоў, склад расейскай авіябазы і яе арганізацыйна-штатная структура ўжо зацверджаныя.

«Хачу звярнуцца да беларускіх калег з просьбай паскорыць правядзенне ўсіх неабходных працэдур у падрыхтоўцы названага пагаднення да падпісання», - заявіў Ляпкін, удакладніўшы, што дакумент узгоднены з беларускім бокам.

24 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале была апублікаваная пастанова аб міжурадавым пагадненні з Расеяй аб супольным тэхнічным забеспячэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) дзвюх дзяржаў у якасці асновы для правядзення перамоваў. Дакумент падпісаны прэм'ер-міністрам краіны Андрэем Кабяковым.

У пастанове ўрада не апублікаваны сам тэкст пагаднення. Паводле некаторых звестак, гэта пагадненне паміж урадамі дзвюх краін можа быць падпісанае ў рамках візіту Лукашэнкі ў Расею 25-26 лістапада.

Нагадаем, пытанне аб стварэнні расейскай авіябазы ў Бабруйску актыўна абмяркоўваецца апошнім часам. У канцы верасня Пуцін даручыў падпісаць пагадненне аб стварэнні авіябазы ў Беларусі.

Як было ўзгоднена раней, першы замежны візіт Лукашэнкі пасля інаўгурацыі пройдзе менавіта ў Расею. Як паведаміў памочнік расейскага прэзідэнта Юрый Ушакоў, адной з тэм сустрэчы стане стварэнне расейскай авіябазы ў Беларусі.

Апошнія навіны