Замест Лукашэнкі Беларусь на адкрыцці «Ельцын-цэнтра» прадставіў Шушкевіч
- 26.11.2015, 9:52
25 лістапада ў Екацярынбургу адкрыўся Прэзідэнцкі цэнтр Барыса Ельцына.
Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на запрашэнне яго ўдавы, на цырымонію не прыехаў, піша «Салiдарнасць».
На адкрыццё «Ельцын-цэнтра» прыбыла некалькі сотняў чалавек: лідары дзяржаў, якія працавалі з першым прэзідэнтам РФ, вядомыя палітыкі, дзеячы культуры, журналісты.
Прысутнічалі, у тым ліку, цяперашнія кіраўнікі Расеі Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў, а таксама кіраўнікі Беларусі і Украіны ў 90-я гады Станіслаў Шушкевіч і Леанід Кучма.
Запрашэнне ўзяць удзел у адкрыцці было таксама накіраванае Аляксандру Лукашэнку. Як паведамілі ura.ru ў аддзяленні Пасольства Беларусі ў Екацярынбургу, гэта зрабіла асабіста Наіна Ельцына. Спачатку паведамлялася, што беларускі дыктатар не зможа прыехаць праз важныя перамовы ў Маскве 25-26 лістапада. Аднак пазней яны былі перанесеныя, а Аляксандр Лукашэнка так і не з'явіўся.